Читать «Планета людзей (на белорусском языке)» онлайн - страница 3

Антуан Сент-Экзюпери

Убачыўшы мяне, ён усмiхнуўся:

- Ведаю, ведаю. Ты задаволены?

Ён дастаў з тумбачкi бутальку вiна i шклянкi, падышоў да мяне, не перастаючы ўсмiхацца:

- Такую падзею трэба адзначыць. Усё будзе добра, вось пабачыш!

Ён выпраменьваў давер, як лямпа выпраменьвае святло, гэты таварыш, якому пазней выпадзе зрабiць рэкордныя пералёты з поштай над Кардыльерамi i Паўднёвай Атлантыкай. Але гэта адбудзецца праз некалькi гадоў, а ў той вечар, седзячы ў адной кашулi пад лямпай, скрыжаваўшы рукi на грудзях i ўсмiхаючыся сама лагоднай сваёй усмешкай, ён проста сказаў мне:

- Навальнiцы, туман, снег часам будуць чынiць табе непрыемнасцi. Але ты думай тады пра тых, хто ўжо прайшоў праз усё гэта, i проста скажы сабе: "Тое, што ўдалося iншым, удасца i мне".

Аднак я разгарнуў карту i папрасiў яго разам прагледзець мой маршрут. I, схiлiўшыся пад лямпай, абапёршыся на плячо старэйшага таварыша, я зноў набыў спакой i ўпэўненасць, як у далёкiя школьныя гады.

Але якi дзiўны ўрок геаграфii быў у мяне! Гiёмэ не расказваў мне пра Гiшпанiю; ён ператвараў Гiшпанiю ў маю прыяцельку. Ён не гаварыў нi пра водныя басейны, нi пра колькаедь насельнiцтва, нi пра пагалоўе статка. Ён апавядаў не пра Гуадыс, а пра тры апельсiнавыя дрэвы, якiя раслi на ўскрайку поля паблiзу Гуадыса: "Асцерагайся iх, адзнач iх на сваёй карце..." I з гэтай хвiлiны тры апельсiнавыя дрэвы набывалi для мяне большае значэнне, чым Сьера-Невада. Ён казаў не пра Лорку, а пра небагатую ферму паблiзу Лоркi. Пра жыццё гэтай фермы. Пра яе гаспадара. Пра яе гаспадыню. I гэтыя муж i жонка, загубленыя ў пространi, за сто пяцьдзесят кiламетраў ад нас, набывалi невераемную важнасць. Прылепленыя да схiлу гары, яны, быццам бакеншчыкi, былi гатовы сваiмi зоркамi прыйсцi на дапамогу людзям.

З недаступнага розуму занябыту мы вывудзiлi дэталi, невядомыя нiводнаму географу ў свеце. Бо географаў цiкавiць толькi рака Эбра, якая поiць шматлiкiя гарады. Але не прытоеная ў траве ручаiнка заходней Матрыля, кармiлiца трох дзесяткаў красак: "Асцерагайся ручайка, ён размякчае дол... Пазнач i яго на карце". О, я не забудуся пра змейку каля Матрыля! Такая бяскрыўдная, усяго некалькi жабак цешыць сваiм лагодным мармытаннем, але заплюшчана ў яе толькi адно вока. У раi выратавальнага поля, залёгшы ў зеленатраўi, яна цiкуе за мной за дзве тысячы кiламетраў адсюль. Пры першым жа зручным выпадку яна аберне мяне ў сноп полымя...

Я ўпэўнена прадбачу там, на адхоне пагорка, i iх, гэтых тры дзесяткi ваявiтых, гатовых нашкодзiць авечак: "Табе памроiцца, што ён чысты, гэты луг, - шлёп! I тут пад колы табе рынецца трыццаць авечак..." I я заварожана ўсмiхаюся гэтай, такой падступнай, пагрозе.

I спакваля Гiшпанiя на маёй асветленай лямпай карце ператвараецца ў казачную краiну. Я адзначаю крыжыкам выратавальныя пляцоўкi i пасткi. Я адзначаю i фермера, i тры дзесяткi авечак, i ручаiнку. Я дакладна стаўлю на яе належнае месца i пастушку, на якую не звяртаюць анiякай увагi географы.