Читать «Планета людзей (на белорусском языке)» онлайн - страница 2

Антуан Сент-Экзюпери

I вось, нарэшце, настаў вечар, калi мяне паклiкалi да дырэктара. Ён коратка сказаў:

- Заўтра вы ляцiце.

Я стаяў i чакаў, калi ён дазволiць мне выйсцi. Але, памаўчаўшы, ён дадаў:

- Iнструкцыi добра ведаеце?

У той час маторы былi далёка не такiя надзейныя, як цяперашнiя. Часта яны знянацку, без усялякага папярэджання аглушалi нас страшэнным грукатам раструшчанага посуду. I тады даеш штурвал ад сябе, каб скiраваць самалёт унiз, да скалiстай гары Гiшпанii, якая зусiм не абяцае прытулку. "Калi матор сапсуецца ў гэтых мясцiнах, - разважалi мы, - то самалёта, як бы ты нi намагаўся, ужо не ўратуеш". Але самалёт можна замянiць. Сама галоўнае было не ўрэзацца ў скалу. I нам пад пагрозай сама суровага пакарання забаранялася ляцець у гарыстых зонах вышэй хмар. У выпадку аварыi лётчык, ныраючы ў бялёсую кудзелю, саслепу можа натаўкнуцца на якую-небудзь горную вяршыню.

Вось чаму ў той вечар нетаропкi голас яшчэ раз нагадаў мне прадпiсанне:

- Гэта вельмi шыкоўна - ляцець па компасу ў Гiшпанii па-над суцэльнай воблачнасцю, гэта так элегантна, але...

I яшчэ павольней:

- Але памятайце: пад суцэльнай воблачнасцю - вечнасць...

I раптоўна гэты знiтаваны, такi свойскi, спакойны свет, якi разгортваецца перад табою, калi вырываешся з хмар, набывае для мяне невядомую раней якасць. Прыязнасць абарочваецца пасткай. Там, унiзе, не тлум, не мiтусня людзей, не шумны гарадскi транспарт, як можна было меркаваць, а бязмежная цiша, непарушны спакой. Гэтая белая смала стае для мяне мяжой памiж быццём i нябытам, вядомым i неспасiцгальным. I я пачынаю разумець, што любая з'ява выяўляе сваю сутнасць толькi праз веды, праз духоўную культуру, праз рамяство. Горцам таксама знаёмая суцэльная воблачнасць. Аднак яны не бачаць у ёй гэтай фантастычнай заслоны.

Калi я выйшаў з кабiнета, мяне ахапiла нейкая дзiцячая гордасць. Нарэшце i я прыму на золку адказнасць за пасажыраў, за афрыканскую пошту. Але адначасна я быў i прыгнечаны. Мне здавалася, што я кепска падрыхтаваны. Гiшпанiя была небагатая на прытулкi; я баяўся, што, калi мяне спасцiгне аварыя, я не знайду выратавальнай пляцоўкi. Я дастаў карту, доўга разглядваў яе, але яна, абыякавая, не давала мне тых парад, у якiх я меў патрэбу; тады я, перапоўнены бояззю i гонарам, вырашыў правесцi гэтую ноч напярэдаднi бою ў майго таварыша Гiёмэ. Гiёмэ ўжо лятаў па гэтых маршрутах. Гiёмэ ведаў хiтрыкi, з дапамогай якiх можна было падабраць ключы да Гiшпанii. Хай Гiёмэ навучыць i мяне.