Читать «Душа не ў сваiм целе (на белорусском языке)» онлайн - страница 7

Ян Борщевский

- Тут фармуюцца мiнеральныя воды, - працягваў расказваць гаспадар, - хоць яны цёмна-жоўтага колеру, але празрыстыя, як найчысцейшы крышталь, i няма ў iх тых страшных iстот, што можна ўбачыць праз павелiчальнае шкло ў кожнай кроплi звычайнае вады. Жыхары Ўкраiны часта наведваюць Адэсу: адны, каб прадаць пшанiцу, а iншыя - дзеля марскiх ваннаў; збываючы прадукты, маюць карысць, а вось шукаючы здароўя на берагах Чорнага мора, - толькi множаць непатрэбныя выдаткi: падарожжа няблiзкае i салёная вада мала дапамагае хворым, а гэтая крынiца будзе выратоўваць ад усiх немачаў; я добра ведаю гэтую мясцовасць.

- I я, - кажу, - маю намер у гэтым годзе наведаць Адэсу, але толькi з цiкаўнасцi.

- Едзеш у Адэсу? Я вельмi рады гэтай нагодзе, бо хачу паслаць туды сёе-тое; вазьмi, калi ласка, адну невялiчкую рэч.

- З вялiкаю ахвотаю, калi не зойме шмат месца.

- Невялiкiя рэчы няшмат займаюць месца.

Сказаўшы гэта, пан Гайнар паклiкаў да сябе хлопца, загадаў яму прынесцi чатыры маленькiя бутэлечкi i папяровае пудэлка, пасля павёў мяне ўглыб яру; мы iшлi мiж кустоў ды высокае травы; у засенi гушчару з-пад узгорка выцякалi дзве чыстыя крынiчкi, нiбы дзве стужкi з чыстага срэбра, i праз колькi крокаў зноў хавалiся пад зямлёю. Спачатку ён напоўнiў дзве бутэлечкi з аднае крынiчкi, усыпаў нейкiх парашкоў - i вада раптоўна стала сапфiравага колеру, пасля з другое крынiчкi налiў астатнiя дзве бутэлечкi, i, калi сыпнуў iншы парашок, вада набыла прыгожы кармiнавы колер; потым добра закаркаваў усе чатыры бутэлечкi i падаў мне са словамi:

- Калi будзеш у Адэсе, пазнаёмiшся там з панам Рыльцам; гэта чалавек вельмi вучоны, ён прысвяцiў сваё жыццё даследаванням таямнiцаў прыроды. Я пасылаю яму дзве бутэлечкi гэтай каляровай вадкасцi, а дзве з такою ж вадою вазьмi сабе; вялiкая ад iх карысць i вялiкая хаваецца ў iх таямнiца; аднак даведаешся пра гэта не ад мяне, а ад пана Рыльца.

Мы яшчэ доўга хадзiлi па берагах iншае сажалкi, на якой былi маленькiя астраўкi, засаджаныя дрэвамi. Пан Гайнар апавядаў мне пра розныя гатункi траваў, якiя выраслi ў ягоным садзе, пра iх чарадзейную сiлу. А калi сонца схiлiлася за небакрай, я развiтаўся з садам, падзякаваўшы гаспадару за ласкавы прыём i абяцаючы аддаць пану Рыльцу давераныя мне вадкасцi.

Пакiнуўшы ўкраiнскiя стэпы, я завiтаў на Падолле; у гэтым краi ёсць усё, што патрэбна для жыцця. Тут i там дзiвосная прырода, прыгожыя краявiды: у гарах зелянеюць дубровы i густыя грабавыя лясы, гаi нагадваюць сады з пладовымi дрэвамi, на шырокiх i ўрадлiвых нiвах гайдаюцца, быццам на моры, хвалi каласоў, квiтнеюць далiны, зарослыя буйною травою, свецяцца, як люстры, ставы празрыстае вады, каля якiх бялеюцца вёскi i пышныя маёнткi, на берагах рэчак уздымаюцца сцены i пiрамiды скалаў, нiбы рэшткi руiнаў велiзарных старажытных замкаў.

Зяноне, трэба пабываць там, трэба паглядзець той край, зiрнуць на высокiя i скалiстыя берагi Буга i Днястра, дзе прырода адбудавала аграмадныя гмахi з велiзарных каменных камлыгаў, пад якiмi чарнеюць пячоры i лёхi - вечнае жытло цемры, вечныя сховы начных духаў; трэба пабачыць тыя скалiстыя, дзiкiя ды таямнiчыя руiны, вяршынi i схiлы якiх пакрываюцца панурымi ценямi густога кустоўя; там усюды адкрываюцца вачам дзiвосныя краявiды. На берагах гэтых рэчак добра думаецца, там госцi вядуць размовы пра гiстарычныя здарэннi, пра фантазiю люду, пра розныя навуковыя адкрыццi ад часоў патопу аж да нашых дзён.