Читать «Душа не ў сваiм целе (на белорусском языке)» онлайн - страница 9

Ян Борщевский

- Больш выпрабаванняў, больш пакутаў; некалi былi адны дзiвосы, у будучым - будуць iншыя.

Сказаўшы гэта, ён склаў паперы i пачаў налiваць сабе гарбату. Сядзячы побач i чуючы з ягоных вуснаў польскiя словы, я, каб даведацца, хто гэта такi, загаварыў з iм:

- Пан прыезджы цi тутэйшы жыхар?

- Я жыхар-падарожнiк, як i ўсе людзi, а ўжо гадоў дзесяць вяду размову з гэтым краем.

- Не магу, - кажу я, - знайсцi кватэру пана Рыльца, нiхто яго тут не ведае.

- Гэта спакайней для чалавека, калi яго нiхто не ведае; а навошта ты яго шукаеш? - сказаў ён, прыглядаючыся да мяне, нiбы жадаючы пазнаць альбо нешта выпытаць.

- Быў на Ўкраiне ў садзе Гайнара i маю ад яго нейкiя каляровыя воды для пана Рыльца.

- Я - Рылец, - паведамiў ён, i твар ягоны праяснеў. - Ты быў на Ўкраiне, пазнаёмiўся з Гайнарам, бачыў ягоны сад? Ну, што раскажаш мне пра гэта. А тыя каляровыя воды вельмi мне патрэбныя. Калi ласка, хадзем у хацiну: прыемна мне будзе даведацца пра ўсё падрабязна.

Сказаўшы гэта, ён паспяшаўся выпiць гарбату; потым мы выйшлi з тракцiру. Ён узяў у мяне на кватэры дзве бутэлечкi каляровых водаў, i мы селi на дрожкi; не даехаўшы да херсонскае рагаткi, завярнулi да марскога берагу.

Дом пана Рыльца стаяў наводшыбе, за паўвярсты ад горада, ад паўночных i ўсходнiх вятроў быў заслонены гушчаром акацый. Мы ўвайшлi ў пакой, дзе было некалькi старых крэслаў, дзве старасвецкiя дубовыя шафы i два дубовыя сталы; на адным з iх ляжалi нейкiя груды пяску рознага колеру, кавалкi вапны з закасцянелымi ракавiнамi, рыбаю i гбдамi, косцi, шкiлеты нейкiх звяроў ды птушак, нейкiя малюнкi страшных пачвараў, дзiўных i нябачаных стварэнняў; на другiм стале - кнiгi ў старой i новай аправе. Пан Рылец пачаў гаворку:

- Вось гэта маё самотнае жытло; у вакне - малюнак бурлiвага мора; я люблю тут часам слухаць шум хваляў, глядзець на гэтыя чорныя пенiстыя валы i на чароды белых крачак, што падымаюцца ў паветра; я люблю часам чытаць i паэзiю нашых украiнскiх вешчуноў. У мяне ёсць кнiжка Багдана Залескага8, з якiм нiхто не параўнаецца ў лёгкасцi i пекнасцi верша; ёсць чуллiвая народная аповесць Мальчэўскага9 "Марыя"; ёсць вершаваныя творы Гашчынскага10, народныя песнi Падуры11; ёсць вершаваныя творы Канстанцiна Пiятроўскага12, яго аповесць "Юля Патоцкая", дзе ў страшных, але праўдзiвых малюнках паказаны казацкiя войны, ёсць поўныя чуцця вершы i яго пераклады асобных санетаў Шэкспiра на польскую мову - у iх захавана ўся чароўнасць арыгiнала i з вялiкiм талентам пераадолены цяжкасцi гэтага роду верша. Аднак паэтаў чытаю, толькi каб развеяць маркотныя думкi, звычайная ж мая праца - даследаванне прыроды мiнулага; дапамагаюць мне ў гэтым груды зямлi, косцi, шкiлеты, чарапы, усялякiя акамянеласцi. Каляровыя вадкасцi, якiя ты прывёз, мне вельмi патрэбныя: вось сапфiравая - гэта вада холаду, яна ўсё збiрае ды сцiскае; чырвоная вадкасць - вада агню, яна ўсё ажыўляе. Заўтра пачну выпрабаваннi, калi табе будзе цiкава ўбачыць дзiвосы, прыходзь да мяне, ты даведаешся пра таямнiцу водаў i цудоўную iх моц.