Читать «Чазенія» онлайн - страница 30

Уладзімір Караткевіч

Шырокая круглая спіна мільгнула пад вадою. Рыбіна даўжынёю нешта пад метр ішла ў вытокі ракі, змагаючыся з плынню. Ён здагадаўся, што гэта ідзе на нераст сіма. Ёй было зручна заходзіць у раку. Вада пасля шторму і залевы пэўна паднялася.

Будрыс выбраў месца, дзе, як яму здалося, будзе па шыю, скочыў у ваду і... сербануў ад нечаканасці. Тут было метры два з паловаю, калі не болей. А здавалася – ну, метр семдзесят. Так падманвала чысціня вады. Тады ён выбраўся на больш плыткае месца і доўга стаяў, адчуваючы, як крыштальны холад крадзецца ў грудзі і жывот. Стаяў і глядзеў, як усё больш наліваюцца золатам горы, як залатая лава ўсё хутчэй спаўзае з вяршынь у падзь.

...Дырэктар быў у канцылярыі.

– Рана.

– Ды і вы – рана, – сказаў Будрыс.

– Я не рана. Я яшчэ – позна...

Твар ягоны, сапраўды, быў трохі памяты. Але па ім усё ж не было відаць, што праведзена бяссонная ноч: карычнева-румяны загар, рот усміхаецца.

– Хадзем.

Яны зайшлі ў лабараторыю. I тут Севярын трохі ачмурэў. Справа была не ў тым, што паўсюль ляжалі гербарыі, што на паліцах шафаў бялелі чарапы буйных звяроў і шкілеты дробных, што паўсюль віселі шкуры, што колбы, рэторты і іншае грувасцілася на сталах у нейкім невядомым яму парадку. Было іншае.

...Лабарантка ўзважвала на звычайных магазінных вагах дзікага ката. Кот быў стрункі, дужа даўганогі, з пушыстым і кароткім хвастом. На невялікай галоўцы – дзве невялікія крывавыя плямы. Зялёныя вочы глядзяць ашклянела, пашча люта разяўлена.

Футра ў ката было вельмі прыгожае. Дымчата-рыжае, трохі ў бруднаватую вохру, і ўсё ў цёмна-шэрыя і бурыя ільсняныя вялікія плямы. На хвасце – амаль чорныя колцы.

Кот ніяк не хацеў змяшчацца ў шалі вагаў, не хацеў ляжаць: то нага звешвалася, то галава, то саслізгваў тоўсты азадак. Урэшце яго сяк-так змясцілі: ляжаў клубочкам, толькі лапы звісалі.

– За што гэта вы яго?

Зморшчынак ля дырэктаравых вачэй пабольшала:

– Трэба ж вывучаць. Чым гадуецца ў гэтую пару, які хабітус?

Кот насцярожана глядзеў на Будрыса.

– Гэ-эх, коця, як жа гэта ты так даў маху?

– Шкадуеце? Гэта добра, – сказаў дырэктар. – Заставайцеся ў нас. Работу дам. Дужа патрэбны людзі, якія шкадуюць жывое.

Лабарантка клала раўнавагі, быццам не звера ўзвешвала, а адпускала кіло сухога кісялю. З абсалютна абыякавым выглядам.

– Вы, Ніна, перш чым брацца за працу, выцягніце ў яго кляшчоў з вушэй. Набраў поўныя вушы, валацуга, – сказаў Дзянісаў.

– Добра, – сказала Ніна. – Я пінцэтам.

– Патрэбны людзі, якія шкадуюць, – сказаў Севярын. – Ну, а вы?

Дырэктар паглядзеў на яго з цікавасцю.

– Дзеля шкадавання часам даводзіцца і забіваць. Каб ведаць пра звяроў усё: што ядуць, што любяць, каго і калі ад іх трэба берагчы. Мы – гаспадары. Можа, мы і не маем на гэта права, але так склалася. Гэтага не зменіш. I мы павінны навучыцца гаспадарыць разумна. Пакуль што адбіраць у некаторых жыццё, каб ведаць, каб пасля ўжо ні ў каго не адбіраць, а нават дапамагаць кожнай істоце... Каб жылі астатнія. Вось як.