Читать «Чазенія» онлайн - страница 17

Уладзімір Караткевіч

I яшчэ побач з гэтай зменлівасцю ва ўсёй яе істоце жыла і трыумфавала ў кожным руху, слове і позірку трывалая, жывая, маладая сіла жыцця.

– I не сумуеце?– спытаў ён.

– Пасля салюта на хвіліну стала сумна. А цяпер нават радасна. Паеду. Ужо ідзе на нераст сіма. З сопак відаць караблікі: лаўцы трапанга працуюць. Вось-вось горы стануць пярэстыя, як букеты. Ізюбр закрычыць. Ух, як ён трубіць! Аж страшна! I стронга серабрыцца ў ручаінах.

– Праўда, прыгожа... – сказаў ён, уявіўшы. – Слухайце, а туды ўсіх пускаюць?

– Усіх, хто не стане лавіць сіму і кусаць мядзведзяў за лыткі.

– Я, мабыць, не буду. Не ведаю яшчэ.

– Вы што, на самай справе? – Яна глядзела на яго нібы трохі насцярожана.

– А чаму не? Час у мяне ёсць.

– Я і казала: "Вось чалавек, які не спяшаецца".

Яго і сапраўды нібы асяніла раптоўная магчымасць і дазволенасць гэтага, свая нязвязанасць, свая поўная свабода. I раптоўнае, ад магчымасці гэтага, пачуццё радасці. Чаму б і не?! Вось узяць і паехаць. Наўрад ці дапаможа, але і не пашкодзіць. Усё ж перамена месца, глушыня, нетры... Ён яшчэ не бачыў тут першазданных нетраў. Можна было б паехаць і зараз, але гэта палічаць за нясціпласць, нетактоўнасць, дакучлівасць. Ды і сабрацца трэба.

"Не, паеду. Дальбог, паеду".

Жанчына, відаць, і на шэлег не паверыла ў сапраўднасць і нязменнасць яго рашэння.

– Хутка надумана. Хутка і раздумана.

– Як дабрацца ў Тыгравую?

– Раз у тыдзень туды ходзіць наш катэр. Нерэгулярна. Часцей за ўсё ў нядзелю.

"Паслязаўтра нядзеля", – у думках адзначыў ён.

– З гэтага ж прычала, з якога еду я. А там яшчэ даволі вялікая дарога берагам і тайгой.

– Адліць ваду праз кокпіт, – сказаў ён. – Перастаўляй шчупальцы берагам і тайгой, салага!

– Я і кажу – несур'ёзны вы чалавек... – з дакорам сказала яна.

– Я – лёгкі чалавек. Лёгкі на пад'ём. "Здаецца, гэта была міна?" – спытаў боцман у капітана. "Буль-буль-буль", – адказаў капітан. Я – марскі воўк.

– I рашэнні ў вас несур'ёзныя, – ціха засмяялася яна. – Ну, вось мы і тут. I катэр збіраецца адчальваць.

На катэры, што цьмяна чарнеў ля прычала, сапраўды, канчалася мітусня.

"Паеду, – у прадчуванні незвычайнага, таго, за чым ён увесь век гнаўся, падумаў Будрыс. – Абавязкова паеду. I можа жыццё павернецца іншым бокам..."

– Ну, добра, – сказаў ён. – Скажыце хоць на развітанне ваша імя.

– Хіба дзеля таго, каб трывала забыць на ўсё астатняе жыццё?

– Дык вось вам дзеля "забыць" – Севярын Будрыс.

– Вазьміце і маё на могілкі імён. Гражына Арсайла.

– Чакайце, – сказаў ён. – Што за імя?

– Сама ведаю, што незвычайнае. Але імёны – тое нешматлікае, што засталося з сямейнай традыцыі. Ды яшчэ некалькі назваў хатніх прадметаў. Ды прыказак колькі там.