Читать «Нераток» онлайн - страница 14

Неизвестно

Аўтар

Ведаеце, хто такія альгемоны? Магчыма, вы нічога пра іх не чулі, але, напэўна, здагадваецеся, што яны існуюць. Я ў гэтым больш дасведчаны, сантэхнік усё ж, - мне і расказваць.

Калі вы жывяце ў горадзе, тым больш - у вялікім, то, хутчэй за ўсё, неаднойчы ў думках цікавіліся, што робіцца ў нябачнай і, мяркую, малапранікальнай для чалавека частцы гэтага горада - сістэмах водазабеспячэння і каналізацыі. Гэта ж цэлы сусвет, які ў выглядзе каркаса, шкілета, адбітка адлюстроўвае горад ва ўсіх яго найтанчэйшых праявах!

Вы запытаецеся: як можна нейкім там водаправодам ці, скажам, каналізацыяй скапіраваць непаўторнасць нашых тыповых кватэр, размах шырокіх вуліц і ўтульнасць крывых завулкаў? Ды гэтак жа вытанчана і элегантна, як барадаты мастак-графік, які сядзіць на зэдліку-складанчыку ў падземным пераходзе, намаляваў бы ў гэтую хвіліну ваш недаверліва-бязглузды твар камбінацыяй ліній агрызка простага алоўка!

Успомніце звычайны вечар пасля работы: колькі разоў вы карыстаецеся нашымі сістэмамі? Дапамагу: наліць ваду ў чайнік, патэльню адскрэбці, шклянкі-кубачкі спаласнуць трэба? Пасля вячэры зноў посуд памыеце, у туалет не адзін раз заскочыце, зубы “блендамедам” пашаруеце. Падлічыце і жахніцеся. Я не паленаваўся, падлічыў: разоў дваццаць на жыльца.

А што на прадпрыемствах робіцца? Мне пашчасціла неяк на практыцы быць: пнеўматыка свішча, гідраўліка травіць, эмульсія - патокам, туалетаў, якія б не цяклі, няма ў прынцыпе. А ачышчальныя збудаванні ва ўсёй красе бачылі? Ну, хоць з ілюмінатара самалёта?

Мне здаецца, ёсць нейкая вышэйшая сіла, якая ўяўляе ўвесь працэс у агульных рысах: тры каардынаты - прастора, чацвёртая - час. Можа, яшчэ нейкія каардынаты нам невядомыя - але на тое яна і вышэйшая, каб яна іх ведала, а мы - не.

І калі, як пакручаста выказаўся мой знаёмы электрык, энергазабеспячэнне з’яўляецца нервовай сістэмай горада, то, мяркую, мы, сантэхнікі, абслугоўваем яго крывяносную і страваводную сістэмы. Сорак мільёнаў праточных кубоў вады ўяўляеце? Не Нарач, вядома, але на палову Свіцязі пацягне.

І паколькі над і пад зямлёй, у падвалах і сценах замураваны мільёны труб, сотні тысяч вентыляў і кранаў, дзесяткі тысяч насосаў і фільтраў, калі “кіпяць катлы кіпучыя” ў бойлерных, то несумненна, што Прырода не пацярпела такой пустэчы і напоўніла яе жывымі істотамі.

Я не пра тое, пра што вы падумалі. Я не пра гэтыя мультыплікацыйна-рэкламныя стварэнні, што хаваюцца ў заваротах вашых унітазаў, не пра макрыц і гнілаядных чэрвепадобных. І тым больш - не пра пацукоў, якія прытуліліся да цёплых стаякоў. Вы не зразумелі: я - пра альгемонаў.

З якога часу, запытаюся, існуюць сістэмы каналізацыі і водазабеспячэння? Правільна-правільна - амаль з таго ж, як існуе горад. А ўвогуле на іхні прагрэс цывілізацыі пайшло гадоў сто пяцьдзесят. Калі не лічыць водаправод старажытнага Рыма. Але ён увогуле са свінцу зроблены быў, і што там адбывалася - паняцця не маю, а гісторыя на гэты конт нічога не паведамляе. Атрымліваецца, што ўсё ж - гадоў сто пяцьдзесят. Невялікі, па гістарычных мерках, тэрмін. Але, як пачнеш усюды са сваёй чалавечай меркай совацца, дык і муха-аднадзёнка невытлумачальнай стане. А яна ж існуе.