Читать «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» онлайн - страница 21

Уладзімір Караткевіч

Аблічча ягонае было аблічча самай уседаравальнай літасці.

— Яны елі, так, але ж і яны павінны падтрымліваць тленнае цела, калі ўжо Бог наш уклаў у яго душу.

Лотр хітаў галавою, быццам яго ўмашчалі нардам*.

* Усходняе духмянае рэчыва.

— І, нарэшце, галоўны мой козыр… э-э-э… довад: мышам невядомыя Запаветы Майсея, што забараняюць прысвойваць чужую ўласнасць. Я скончыў.

— Суд ідзе на думу і нараду, — сказаў Лотр.

…У дзень вялікага суда над мышамі вольны мужык прыгараднай вёскі Занямонне Зянон з'явіўся ў Гародню, каб купіць хаця трэць бязмена збожжа. У Занямонні, як і паўсюль, было дужа цяжка, і, напрыклад, сам Зянон з жонкаю ўжо чатыры дні не елі ні хлеба, ні кашы. Згарэла нават лебяда. Удавалася, што праўда, лавіць рыбу. Ды што рыба? Рыбаю тою кішаць рэкі. Удавалася нават, з вялікай асцярогай, лавіць сілом зайцоў, і быў аднойчы выпадак — лань. Мяса і рыба былі — гэта праўда. Але дарослыя ўжо цэлы год дасыта не елі хлеба, часам месяцамі не бачылі яго. Мяса, заўсёды толькі мяса дзікіх жывёл, ды яшчэ і забароненых верай (як заяц) або магнатам (як лань). Сёння спаймаў аж трох, а потым за тыдзень нічога. А солі, каб зберагчы, таксама не было.

Дзецям бацькі ўсё ж давалі патроху хлеба, і то малыя пакутавалі жыватом. А самім даводзілася дрэнна.

Ад заўсёднага мяса без солі аж вараціла, і ўвесь час думалася, а што будзе зімою, калі Нёман укрыецца лёдам, калі звяры адкачуюць у нечапаныя пушчы, а сляды будуць заставацца на снезе, а значыць, у кожны момант цябе могуць спаймаць панскія паюкі. Што будзе тады?

Зянон гнаў ад сябе гэтыя думкі. Усё адно нічога не зробіш. Ён прайшоў зарэчную частку з дамамі багатай замкавай шляхты і замкавых рамеснікаў, прайшоў драўляны мост і стаў падымацца па ўзвозе. Увесь час яго абганялі вазы з ільняным насеннем, соладам, хмелем, бочкамі піва, вапнай, футрамі ў звязках, жалезнымі паробкамі і, галоўнае, хлебам. І мужык не мог не думаць, чаму гэта так, што вось у яго няма і бязмена хлеба, як амаль ва ўсіх, а вазы цягнуцца, цягнуцца, і ўсіх іх хутка паглыне нясытая зяпа Старога рынку, а потым замежныя землі. Нешта тут усё было не тое.

Вялікі горад, тысячы людзей, моцныя муры, крамы, замак, з дзесятак цэркваў ды яшчэ манастыры, ды капліцы, ды унь званіца курыі — глянеш — шапка валіцца, ды унь будуюць вялізны касцёл бернардынаў з кляштарам. А унь узвышаецца Святая Ганна. А там, далёка ўлева, зіхаціць, як вясёлка, Каложа, у імя Барыса і Глеба.

На ўсё хапае. А ў мужыкоў няма хлеба. Ды і ў мяшчан не лепей. Колькі іх?! Унь вуліца Кавальская, Мечная, Піўная, Калёсная, вуліца Стрыхалёў*, вуліца Адвеса**, Утэрфінавая***, вуліца Абадранага Бабра, Страменная, Багамазная, Разьбярны кут, ды яшчэ і яшчэ, дваццаць сем вялізных вуліц, не лічачы завулкаў, тупікоў ды асобных выселкаў, слабодак і хат.

* Вапеннікаў.

** Грунтвагі.

*** Суконная.

І ўсе гэтыя магершчыкі, кацельшчыкі, маляры, саладоўнікі, сталяры сядзяць і не маюць да чаго прыкласці рукі, і тымі ж вачыма, што і ён, Зянон, праводзяць кожны хлебны воз.

Ад нязвыклага гарадскога шуму ў мужыка дурэла галава. Спакойнымі, глыбока пасаджанымі шэрымі вачыма ён глядзеў, як круцяцца колы берагавых млыноў (Нёманава плынь адводзілася на іх плятнямі), як паўзуць па блоках у верхнія паверхі складаў цюкі з таварам, чуў, як гарлаюць гандляры, як вухае васкабойка, як звіняць малаточкамі па сталі чаканшчыкі ў мечных майстэрнях.