Читать «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» онлайн - страница 13

Уладзімір Караткевіч

* Вальнаплаваючыя марскія жывёлы тыпу кішэчнаполасцевых. Жывуць неразрыўнымі калоніямі, часам да 20 метраў даўжыні. Драпежнікі. Ловяць здабычу і ўжываюць яе на ўсю калонію.

Па-за служэннем сваёй страшнай ідэі яны былі людзі свайго часу, не разумнейшыя і не дурнейшыя за ўсіх людзей. Рабавалі, разважалі аб тым, колькі анёлаў можа змясціцца на вастрыі голкі і што было ў Бога спачатку, Слова або Дзея, баяліся падкопаў нячыстага, судзілі мышэй.

І таму, паказаўшы праз д'яблаў, што вылецелі ў іх з ратоў, аб'ектыўны сэнс іхняй ідэі і іхняй дзейнасці, я цяпер стану паказваць іх такімі, якія яны былі. А калі здарыцца ім сказаць нешта такое, што вышэй за іх саміх на чатыры галавы, — ведайце, што гэта паказвае свае рожкі бес, які зноў потайкам забраўся ў іхнія душы.

Бесы ўсё яшчэ віселі над галовамі коннікаў, чакалі.

Лотр ехаў і гідліва глядзеў па баках.

— Мне здаецца, вы вывезлі мяне паляваць на мышэй, — сказаў ён.

— Чаму?

— Глядзіце, — і кардынал запусціў доўгія белыя пальцы ў падплоеныя валасы.

На чорнай, як вугаль, зямлі варушылася жывое. Сотні мышэй сноўдалі ад аднаго квёлага парастка да другога, падточваючы іх.

— Шэрыя! — віскнула жанчына.

Лотр паказаў белыя зубы:

— Калі гэта тонкі намёк на адзенне нашага спадарожніка і ягоны ордэн…

Басяцкі засмяяўся:

— Тонка, ваша правялебнасць. Але гэта проста мышы. Бачыце, бягуць адусюль у Гародню. Як апошняя Божая кара. Чуюць, што там хлеб. Нічога, да мураваных складаў і свірнаў ім не дабрацца… А ўвогуле дрэнна. У горадзе іх з кожным днём прыбывае. Спасу няма. Нават з царкоўных скарбонак вылазяць мышы.

— Занадта старанна і дбайна ачышчаеце тыя скарбонкі?

— Не. Проста ў мяшчан ужо таксама амаль няма хлеба.

— То кіньце ім шчодрай рукой, — нявінна сказаў Лотр.

— Божы хлеб? А яны, няробы, зноў будуць лайдачыць?

— Ну, глядзіце. Але тады вам давядзецца рабіць нешта іншае. Яны прыйдуць прасіць ад царквы цуда і абароны… Глядзіце!

І яны заўважылі. Дарога варушылася і плыла. Як рака. Тысячы, сотні тысяч мышэй запаланілі яе ўсю. Ішло некуды засяроджанае, упартае ў сваім тупым і вечным руху наперад мышынае войска. Коні, выкатваючы ў смяротным жаху вочы, задкавалі ад яго прэч.

— Бачыце? — спытаў Лотр.

— Што ж, давядзецца ў бліжэйшыя дні ўчыніць над імі імем царквы суд Божы. Няхай потым не кажуць, што мы засталіся безуважныя да пакутаў народных.

Наколькі сягае вока, плыла ўся дарога. Легіёны грызуноў ішлі наперад, на Гародню.

РАЗДЗЕЛ ІІІ СУД

суд быў верны,як пятля,

хуткі, бы з цемры нажы,

чым даўжэйшы твой кашэль -

Тым долей табе пражыць.

Кіплінг

Людзі так да іх прывыклі, што перасталі заўважаць іхнія злачынствы…

…Таму мы не палюем за буйнымі разбойнікамі, але затое вашаму брату спуску не даём.

Рабле

Стары, Вітаўтаў яшчэ, гродзенскі замак быў страшны. Пабудаваны менш чым паўтара века назад, ён, нягледзячы на гэта, заняпаў і не толькі стаў рабіцца лядаштым, але сям-там пачаў і руйнавацца. Сваіх майстроў у вялікага князя не было, а беларускія ці былі пабітыя пры ўзяцці горада, ці разбегліся. А хто застаўся, той будаваў, прама скажам, дрэнна: ведаў, што на ягоны век хопіць, а там хай бы і трава не расла. Дзеля каго было будаваць? Ён, князь, вядома, герой, дык лёгка ж быць героем на трупах пакораных. Спачатку гінулі ў войнах з ім, потым гінулі ў войнах за яго. Ды яшчэ каб бярог старыя звычаі ды веру, а то з лаціннікамі спеўся. То гары яно ясным гарам!