Читать «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» онлайн - страница 11

Уладзімір Караткевіч

— І таму, калі мы не хочам памерці — з пляча не сячы. Бо ў гідры адрастаюць галовы. А адсекшы, атруткай прымаж, ваюй брудам за чыстую Божую справу, плёткамі ды агаворамі — за праўду, нашу праўду. А лепей забяры дзяцей, іх прымусь з самага пачатку думаць па-свойму, забі ерась гуманізму яшчэ ў калысцы, няхай сабе і самай вялікай хлуснёй. Тады і мячы не спатрэбяцца. Бо нашто ж сваіх біць? Гэта толькі вар'ят сярод тысяч дурняў рабіць можа.

— Правільна, — уздыхнуў Лотр. — І таму рыхтуйся. Можаш касцёл дамініканаў ужо цяпер у думках зваць езуіцкім, а калегіюм пры ім — езуіцкім калегіюмам. Па часе скінеш гэтую расу, каб не насіць ніякай. Вы будзеце моцныя, мацнейшыя за ўсіх. Магістр ваш будзе не магістр, а «шэры папа», не розумам шэры, а непрыкметнасцю і ўсёпранікальнасцю, таму што шэрае — паўсюль. Рыхтуй дзяцей… Колькі ў цябе зараз тваіх людзей?

— Больш тысячы.

— Будзе дзесяць тысяч. Войска Езуса. Пашырай яго, пашырай уладанні свае на ўсю зямлю, палюй за ерасямі і за гэтымі італьянскімі трызненнямі. З людзьмі можна зрабіць што хочаш. І трэба прышчапіць усім ім свой мозг, і рабіць гэта хутчэй, бо вось яны выдалі сваю Біблію і цяпер пачнуць чытаць самі; бо вось трыццацёх год не мінула, як Калумб адкрыў Індыю, а свет ужо не схаваеш у крыштальную скрыню Казьмы Індыкаплова, і трэба, каб уся зямля, колькі яе ні ёсць, была ў новай, нябачнай скрыні, скрыні нашага духу і нашай веры.

— Зробім.

— Веру. Паўсюль. Вытравіць назаўжды. Каб забылі назаўжды. Каб па ўсёй светавай імперыі забылі, што яны «цары натуры», «мысліцелі», «тыя, што самі думаюць і самі шукаюць», а помнілі і ведалі толькі адно — што яны рабы Бога, адэпты нашага вучэння, што яны не сумняваюцца ні ў чым і думаюць, як усе. І ні на гран больш за нас.

Езуіт схіліў галаву. Задаволеныя адзін адным, яны з палёгкаю ўздыхнулі.

І тут здарылася дзіўнае і небывалае. Хто паверыць — той малайчына, а хто не паверыць — таму няма чаго і чытаць далей, і няхай кіне.

Таму што, калі яны ўздыхнулі, дзве невялікія істоты, нібы вызваленыя гэтымі ўздыхамі, выляцелі ў іх з ратоў. Былі яны, як малюнкі «душы» на некаторых іконах, кропля ў кроплю падобныя да сваіх гаспадароў. Хто ніколі не бачыў такіх ікон — хай паедзе ў Кіеў і там, ля ўвахода ў лаўрскія пячоры, агледзіць ікону аб блуканні па пакутах душы святой… а халера яго ведае, якой святой, забыўся. Але душа падобная на паменшаную ўтрая копію сваёй гаспадыні. Вось гаспадыня памерла — і душа ў празрыстым хітончыку стаіць побач, вылезла. Вось душу вядуць за ручку па пекле. Вось д'яблы смажаць кагосьці… Вось вісяць грэшнікі, падвешаныя менавіта за тыя часткі цела, якімі грашылі пры жыцці… хабарнікі за рукі, паклёпнікі за язык… ну і гэтак далей… А вось і душу прыводзяць у рай.

Істоты, якія непрыкметна для ўсіх вылецелі з ратоў у кардынала і дамініканца, у рай увайсці, бадай што, не здолелі б. Таму што не былі яны белыя, і празрыстых хітончыкаў на іх не было.

Былі яны зусім голыя, як Ева ў касцюме Адама, сабою цёмныя, з «зубкамі, як часнык» і «хвосьцікам, як памялцо», па словах неўміручай народнай песні пра смерць карчмара Лейбы.