Читать «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» онлайн - страница 10

Уладзімір Караткевіч

— Вы льяце бальсан на маю душу, як…

— Я здагадваюся, аб якім яшчэ сваім знаёмым вы хочаце сказаць. Бог даў вялікаму Томасу* доўгі век, семдзесят восем год, пэўна, дзеля таго, каб даць яму нацешыцца перад вечнымі пакутамі пекла, куды ён несумненна трапіў.

* Тарквемадзе.

— Ён?

— Ён. Таму што ён сек з пляча. Дзесяць тысяч спаленых, выгнаныя з Іспаніі марыскі і іудзеі. Рамеснікі, гандляры, упартыя земляробы і ткачы шаўкоў — дзе яны? І, галоўнае, дзе іхнія багацці? Яны ў Афрыцы, заклятыя цяпер нашы ворагі. Рана ці позна яны зробяць нейкую такую інтрыгу… А адных грошай, якія ён выдаткаваў на дровы дзеля гэтай ілюмінацыі і касцюмы дзеля гэтай камедыі, хапіла б, каб зрабіць з гэтых людзей, або хаця б з іхніх дзяцей, такіх самых, як і ён. Я не супраць вогнішчаў, але да іх не трэба звыкаць, як да штодзённага абеду, сядзення на гаршку або штодзённай шлюхі ў тваім ложку, — гэта не пра цябе, дзіця, — імі трэба захапляць. Маўры, яўрэі і ерэтыкі таксама людзі…

— Што вы кажаце?! — не ведаючы, выпрабоўвае субяседнік або гаворыць шчыра, абурыўся манах.

— …і з іх зрабіць мярзотнікаў, і апошнюю навалач, і багоў, і воінаў веры, і забойцаў, і катаў ніколькі не цяжэй, чым з усіх астатніх двухногіх. Хрыстос быў іудзей і — да пары — ерэтык, і Паўла, і… Лютар, а цяпер на іх моліцца большая ці меншая колькасць людзей. Ерэтыкі толькі датуль ерэтыкі, пакуль яны слабыя. І кожнаму такому нельга дазваляць зрабіцца моцным. Вы разумееце мяне?

— Здаецца, зразумеў. Гэта думкі Ігнацыя. Толькі… гм… завостраныя да небяспечнасці.

— А я і не кажу, што прыдумаў бы такое сам. Я ведаю, на што здатная мая галава, і ў гэтым мая сіла. То што?

— Паколькі былая «ерась» Хрыста, а цяпер яго «вера» ёсць наша вера — нам непатрэбна існаванне іншых ерасяў, якія таксама могуць зрабіцца верамі і тым саслабіць нашу веру і нас. Усё адносна, і сённяшнія цары — заўтра дзярмо, а сённяшняе дзярмо — заўтра цар.

— Т-так, — усміхнуўся Лотр.

— І таму ваюй за сваё, а асабліва супраць самай страшнай ерасі, чалавечага самамнення і жадання думаць, ваюй супраць самай страшнай ерасі, якую ў Італіі завуць гуманізмам, таму што гэта рошчына вечнага неспакою, таму што гэта адзіная ерась, якая не стане верай і догмай, але калі стане — нам усім, і давеку, прыйдзе канец.

— Ого, — сказаў Лотр.

Ён глядзеў на гэтага сённяшняга дамініканца, а заўтрашняга езуіта з жахам і амаль з захапленнем. І адначасова з болем адчуваў, што сам ён — толькі пераносчык чужых думак, што ён ніколі не здолее да канца развіваць іх і рабіць з іх такія далёкія, канчатковыя высновы, што ён — твар царквы, але ніяк не сэрца, не розум, не зброя яе.