Читать «Стрыечница. Прытча пра жука-чарнацёлку. Пакупнік сноў» онлайн - страница 8
Юры Станкевіч
У таксі, па дарозе назад, Зміцер Дашкевіч раптам, на здзіўленне самому сабе, супакоіўся. Уражанне было такое, быццам прыняў двайную дозу транквілізатара. Прычына таму, як адразу зразумеў, простая: пісталет за поясам і запасная абойма ў кішэні. Зараз вернецца да таго двухпавярховіка за агароджай, і настане, як кажуць, момант ісціны. Урэшце, не ён хоча гэтага і не ён павінен ў тым, што адбудзецца. Такое жыццё. Як каму пашанцуе. Можна пражыць яго ціха, спакойна, трываць прыніжэнні, а можна трапіць у нерат выпадковасці, бо раны могуць і загаіцца, але ж абраза — ніколі. Яму таксама можна вярнуцца дадому і жыць далей з гэтай абразай. Але не здолее. Зміцер недастаткова мяккі чалавек, каб загінуць у барацьбе за існаванне, але ж і не зусім жорсткі, каб прыніжаць іншых і знаходзіць у гэтым асалоду. Ён толькі хоча душэўнага спакою.
Стрыечніца быццам прычына тут. Але хто вінаваты ў тым, што маладых дзяўчат з лёгкасцю аддаюць у чужыя нячыстыя рукі? Ён раптам успомніў, як па дарозе ў Афганістан праязджалі аддаленыя кішлакі на тэрыторыі былога Саюза і там ён бачыў некалькі маладых настаўніц, сваіх зямлячак, скіраваных туды па размеркаванні, і бачыў тое, што з імі сталася. Хто вінаваты, што маладых дурнаватых дзяўчат, такіх самых, як яго стрыечніца Аня, выхоўваюць у дурноце? І яны не ствараюць сем’і, а служаць распусце на карысць хітрым чужынцам ці нараджаюць мяшанцаў?
І гэтая дурнота распаўсюджваецца, і яе становіцца ўсё болей з кожнай гадзінай, з кожным днём.
Так, усё гэта ёсць, але не можа служыць апраўданнем нікому. І тое, што ён вяртаецца назад, каб разлічыцца з той хітрай дурнотай, магчыма, не ўратуе нікога, але чалавек да таго часу застаецца чалавекам, пакуль у стане здзейсніць няхай сабе і маленькі, але такі неабходны крок. Таму ён зараз і спакойны. Абсалютна спакойны.
Прытча пра жука-чарнацёлку
Малады следчы па прозвішчы Локас адамкнуў дзверы ў свой кабінет і адразу адчыніў фортку: у другім крыле будынка знаходзіўся ізалятар, ад чаго ў памяшканні не выводзіўся характэрны пах. Следчы Локас быў даволі высокі, светлавалосы, са звычайнымі абрысамі твару, уласцівымі для жыхароў паўночных раёнаў: шэрымі вачыма, прамым носам і пухлымі губамі падлетка.
Ён выцягнуў з сейфа і пагартаў папку з чарговай справай, з якой апошнім часам разбіраўся, і ўрэшце папрасіў прывесці да сябе падследнага.
Увялі. Следчы Локас бачыў яго ўжо ў трэці раз і адзначыў, што знешні выгляд таго змяніўся не ў лепшы бок: пад вачыма зняволенага з’явіліся цёмныя кругі, а выцягнуты, гарбаносы твар схуднеў і завастрыўся. Падследны тым не менш не хаваў вочы і быў знешне даволі спакойны.
Следчы Локас паказаў зняволенаму куды сесці — урэшце той і сам ведаў гэта.
— Вы — грамадзянін Крэз? Так?
— Так.
— Як я вам ужо гаварыў раней, вы абвінавачваецеся ў забойстве сваёй былой нарачонай і яе сужыцеля, грамадзяніна іншай рэспублікі — таму і затрыманы. Вы прызнаяцеся ў злачынстве? Раскажыце, як усё было, і мы не будзем гуляць у хованкі, прызначым следчы эксперымент, аформім усё як ёсць і перададзім вашу справу ў суд. Ваша шчырае, чыстасардэчнае прызнанне аблегчыць вам ступень пакарання.