Читать «Стрыечница. Прытча пра жука-чарнацёлку. Пакупнік сноў» онлайн - страница 6
Юры Станкевіч
— Я не паеду.
— Гэта яшчэ чаму? — спытаў ён і прысеў на канапу, дзе дагэтуль сядзела ружовая дзяўчына.
— У асноўным — ты ведаеш.
— Я ўжо ведаю, што ты ў яме. Трэба выбірацца. Я выклікаю таксі.
— Пакінь мяне ў спакоі. Я сама адказваю за сябе.
— Твая маці захварэла. Што я ёй скажу?
Стрыечніца тыцнула цыгарэту ў сподак.
— Скажы, што ў мяне ўсё добра. Я прыеду. Пасля.
— Хто тут цябе, да слова, крышуе? Я хачу з ім пагаварыць. Я бачыў тут людзей, якіх не назваў бы славянамі, як бы ні хацеў. Ты разумееш, што такія людзі спачатку завабліваюць, а потым апускаюць з нечалавечай жорсткасцю? Хіба ты не чула, што беспрытульным дзецям яны выломваюць рукі і ногі, калечаць старых, адбіраюць у іх дакументы, а потым саджаюць на асфальт жабракамі?
— Змоўкні! — стрыечніца раптам затрэслася ў плачы.
— Дзе твае дакументы? Пашпарт пры табе?
— Не. Забралі.
— Ідыётка! Пра што ты думала, калі даверылася?
Раптам слабая надзея абудзілася ў ім.
— Скажы, можа, ты і праўда толькі мамчыш чыёсьці дзіця? Я бачыў у цябе на руках…
— Справа ў тым, што гэта маё дзіця, — праз паўзу выціснула прызнанне стрыечніца.
— Ад каго яно?
— Табе якая справа?
— Ну добра. Забяром і дзіця. Збірайся.
— Не.
— Можа, ты ўсё-такі раскажаш, як сюды трапіла?
— Іншым разам.
— Што ж, тады я сам разбяруся.
— Не хадзі! — паспела азвацца Аня, але ён ужо выскачыў у калідор.
Двое жукаватых качкоў якраз ішлі яму насустрач.
— Гэй, пацаны, — звярнуўся да іх Зміцер Дашкевіч. — Хто тут у вас хату трымае?
Жукаватыя пераглянуліся.
— Навошта табе?
— Значыць, хачу пазнаёміцца. Справа ёсць.
Утраіх яны спусціліся на першы паверх. Паляпаўшы на ўсялякі выпадак яго па кішэнях — як здагадаўся, на наяўнасць ствала, — жукаватыя завялі яго ў бакавы пакой.
За сталом з ноўтбукам і некалькімі тэлефонамі сядзеў усходняга тыпу каржакаваты, без аніводнага валаска на галаве, жаўтаскуры мужчына сярэдніх гадоў, амаль карлік, толькі шыракаплечы, з масіўным залатым ланцугом на шыі. Напаўвар’яцкія чорныя вочы яго ўтаропіліся на тых, хто ўвайшоў.
— Гэту хату вы трымаеце? — спытаў яго Зміцер Дашкевіч.
— Хто гэта? Мент? — звярнуўся да качкоў карлік. — Што яму трэба?
— Базар у яго…
— Давай па справе і ў трох словах: што хочаш?
— Я не мент. Сястру маю Аню-«бульбашку» адпусціце з богам, — сказаў Змітрок Дашкевіч. — Пашпарт вярніце, і зараз.
— А-а, вось яно што. Прад’ява, значыць? А ты з «бульбашыі» прыбыў? Ат я радуюся… А ў вас там, як я чуў, не людзі жывуць. А лахі. — (Ён зрабіў націск на апошні склад.) — Гэта праўда?
— Сястру адпусціце…
— А мы яе сюды звалі? Вось няхай табе мае гракі скажуць. У нас — масажны салон. Яна, так бы мовіць, прафесію засвоіла. І — не малалетка. Яна, што — цябе сюды паслала? За пашпартам?
— Усё гэта — вада. Давайце па справе.
— Ну, ты мне ўвесь кайф абламаў. Мо цябе ў карты праіграць? — весяліўся карлік. — Дык ты не парся, усё ўстаканіцца, ха-ха!
Качкі лісліва захіхікалі.
— Аньку сюды! Хутка! — раптам сагнаў усмешку з твару карлік.
Прывялі стрыечніцу Аню. У вачах яе з’явіўся страх, і Зміцер Дашкевіч зразумеў, што дабром усё гэта не скончыцца.