Читать «Стрыечница. Прытча пра жука-чарнацёлку. Пакупнік сноў» онлайн - страница 10
Юры Станкевіч
— Павучальная прытча, — сказаў следчы Локас. — Вы калісьці вучыліся на бібліятэчным факультэце. Прыгожа расказалі. Ну і што з таго?
Падследны Крэз змрочна зірнуў на яго.
— Часам адбываецца так, што неблагі, шчыры і няхітры чалавек ахвяруе сваім жыццём дзеля цынічнага падлюгі, нават не падазраючы пра гэта. Такімі ахвярамі, да слова, могуць быць не толькі жукі, жывёлы, але і людзі, і нават цэлыя народы. Урэшце, гэта мая думка, так бы мовіць, сваёй гадоўлі.
Абодва змоўклі. Следчы Локас злёгку пастукваў пальцамі па стале, абдумваючы пачутае.
— Я з цікавасцю вас праслухаў, і ў мяне дастаткова мазгоў, каб уехаць ва ўсю гэтую вашу алегорыю, — праз паўзу адзначыў ён. — А цяпер, вярнуўшыся ад жука да нашых баранаў, праслухайце маю версію таго, як усё адбылося, — і я маю дастаткова доказаў, што яна адзіная і сапраўдная.
Падследны Крэз узняў галаву і наструніўся.
— Дык вось, — працягваў следчы, — некалькі год таму вы пазнаёміліся з вашай нарачонай. Закахаліся ў яе. Але ў вас не было матэрыяльнай падставы, грошай, каб пачаць сумеснае жыццё. А між тым мякка і непрыкметна ваша нявеста пачала схіляць вас, каб вы дастаткова забяспечылі сябе і яе: набылі тое, што маюць іншыя паспяховыя людзі: кватэру ў цэнтры горада, аўтамабіль, лецішча каля вады. Толькі вось як? І вы, які вельмі не любіць вялікай вады (так ці не?) — іду ў заклад, што так, завербаваліся ў плаванне. Плаваючы далёка за мяжой, зараблялі неблагія на той час грошы. Прыкладна ў той жа час памерла ваша маці, і вы, узяўшы кароткатэрміновы адпачынак, прадалі яе кватэру і даволі выгадна частку грошай патрацілі на новую кватэру ў цэнтры, аформілі яе на вашу нявесту, вы ж бязмерна давяралі ёй, астатнія пакінулі ёй жа і зноў пайшлі ў плаванне. Усе свае заробкі дасылалі нарачонай. Але вось вы неўзабаве вярнуліся. Толькі на гэты раз на месяц раней. Пэўна, адчувалі нешта неасэнсаванае, нейкую трывогу, пагрозу. Хіба не так? Вы ж нават не паведамілі сваёй нявесце пра тое, што накіроўваецеся дамоў? Хацелі зрабіць ёй прыемны сюрпрыз?