Читать «Стрыечница. Прытча пра жука-чарнацёлку. Пакупнік сноў» онлайн - страница 7
Юры Станкевіч
— Значыць, ты, Аня, пашпарт хочаш і зліняць намылілася? Так?
Стрыечніца маўчала.
— А колькі бабла ты нам вінна — ведаеш? Можа, падлічыць?
Стрыечніца Аня раптам затрэслася ў плачы.
— Вы з бабай пра жыццё не вырашайце, — сказаў Зміцер Дашкевіч. — Я за ўсё адкажу.
— Аня, выйдзі.
Стрыечніца выйшла.
— Дваццаць штук. Гатоўкай, — сказаў карлік. — Думай хутчэй.
— Што ж, я пакуль пайду. Пагаворым у іншым месцы.
— Вы чулі, — спытаў карлік, — які мутняк вярзе гэты тормаз? Ён жа мне пагражае! Ён з’ехаў з разьбы, не інакш. Ды навучыце яго жыць, ха-ха… Праводзьце адпаведна!
Быццам чакаючы гэтага, «качкі» накінуліся на яго і, схапіўшы за рукі, пацягнулі вонкі. У холе да іх далучыўся і «вертухай». Білі ўтраіх ужо на ходніках, потым на асфальце.
Ачуняўшы, ён з трэцяга разу спыніў таксі. Таксіст неахвотна і падазрона агледзеў яго, але грошы наперад узяў і адразу палагоднеў.
— У бліжэйшы ламбард, — папрасіў Зміцер Дашкевіч.
У ламбардзе яго ветліва сустрэў малады чалавек з прылізаным праборам на яйкападобнай галаве.
Зміцер Дашкевіч зняў з рукі гадзіннік і паклаў на стойку.
— Можна дамовіцца без афармлення, — сказаў ён. — Я наўрад ці сюды вярнуся.
Малады чалавек пачаў старанна вывучаць гадзіннік, паклікаў яшчэ аднаго — пэўна, больш уплывовага дзялка.
— У вас нешта дрэннае з тварам, — заўважыў той. — Урэшце, гэта ваша праблема, хоць мы можам прапанаваць вам асвяжыцца. Вы з кімсьці пасварыліся?
— Я спяшаюся, — сказаў Дашкевіч. — Давайце па сутнасці. Я прапаную вам «ролекс» за палавіну кошту.
— «Штуку» гатоўкай.
— Паўтары. Вы ведаеце лепш за мяне, што гадзіннік каштуе ў дзесяць раз больш. Інакш я паеду ў іншае месца.
Яны пераглянуліся.
— Згода. Няхай па-вашаму.
Зміцер Дашкевіч забраў грошы і выйшаў. Таксіст чакаў яго, як і абяцаў.
— А зараз, — сказаў Зміцер Дашкевіч, — паедзем у бліжэйшую краму, дзе гандлююць зброяй. Дзеці, бач ты, цікавяцца пнеўматыкай.
Крама знайшлася хутка. У гэты час там было адносна пуста. Прадавец, малады мужчына бандыцкага выгляду, не выказаў аніякага здзіўлення, пабачыўшы нецярплівага наведвальніка са свежым крывападцёкам на твары.
— Чым цікавіцеся? — спытаў. — У нас, дарэчы, шырокі выбар. Усё, так бы мовіць, для самаабароны: пнеўматычныя і газавыя вінтоўкі, карабіны, пісталеты, рэвальверы. Ёсць проста пугачы, камуфляж. Ад сапраўднай зброі не адрозніш.
— Мне натура трэба, — сказаў Зміцер Дашкевіч. — Я заплачу, як належыць.
— Ну, не кісла, — усміхнуўся прадавец, але быццам і не здзівіўся. — Вы, гэта, не заходзьце з поўначы. Вы хто? Мент?
— А што — падобны?
— Ды не вельмі. Бачу, што не мясцовы. Акцэнт. Але зараз нікому нельга давяраць. Жыццё такое.
— Рызыка аплачваецца ўдвая.
Запанавала кароткая паўза.
— Што трэба? — раптам, панізіўшы голас, спытаў прадавец. — Коратка. У выглядзе намёку. А я, можа, зразумею, а можа, і не.
— Калісьці з «макарам» сябрукаваў, — сказаў Зміцер Дашкевіч.
— Дзве «штукі».
— Згода. І запасную абойму ў дадатак.
У падсобцы ён атрымаў пісталет, агледзеў, праверыў і адлічыў грошы.
— Тавар не засвечаны. І вы мяне ніколі не бачылі, як і я вас, — сказаў на развітанне прадавец.