Читать «Стрыечница. Прытча пра жука-чарнацёлку. Пакупнік сноў» онлайн - страница 5
Юры Станкевіч
Зміцер Дашкевіч прайшоў крыху далей па другім баку вуліцы і спыніўся перад адным з пад’ездаў пяціпавярховай «хрушчоўкі». Чакаў нядоўга. З пад’езда нетаропка выйшла жанчына яўна пенсійнага ўзросту, з пекінесам на ланцужку. Сабака аж заходзіўся ад жадання кудысьці бегчы. На галаве жанчыны быў капялюшык ад сонца, а на вачах цёмныя акуляры.
— Паслухайце, — адразу спытаў яе Дашкевіч. — Вы не падкажаце, што знаходзіцца ў тым доме? — І кіўнуў убок двухпавярховага будынка, за агароджай якога знікла Аня.
На вуснах жанчыны з’явілася нешта накшталт саркастычнай усмешкі.
— А вы хіба не ведаеце? Масажны салон.
— А канкрэтна? Па-мойму, вы нешта недагаворваеце. Скажу вам праўду: мая сястра кажа, што ўладкавалася сюды на працу, — вучыць дзяцей. Я прыйшоў даведацца. Тут нешта не тое.
— А вы б спыталі ў яе, што там за праца, — у голасе жанчыны адчувалася ўжо і жаданне пазласловіць. Вы аповесць Купрына «Яма» чыталі? Дык вось тут такая ж самая яма. Не будзьце наіўным.
Сабака ўжо цягнуў жанчыну прэч. Зміцер Дашкевіч машынальна падзякаваў і… скіраваў назад, да дома.
Ён ужо не раздумваў, што рабіць. Але спачатку трэба было ўпэўніцца на свае вочы, чаму стрыечніца менавіта тут, і прымаць нейкае рашэнне.
Разняволеным крокам мінуў брамку, прайшоў па асфальтавай дарожцы і націснуў на ручку дзвярэй.
Коратка стрыжаны мацак, які сядзеў у холе і размаўляў па радыётэлефоне, слізнуў па ім вачыма і запаволена падняўся насустрач.
— Вы хто такі? У нас па запісу.
— Кліент, — знарок туманна адказаў Змітрок Дашкевіч.
— Нешта я вас не памятаю.
— За «вертухая» тут? — наблізіў яго да канкрэтыкі Змітрок Дашкевіч і дадаў: — Я прайду.
— Вам да каго? — крыху пацішэў мацак.
— Да Ані.
— Якой? Тут у нас іх некалькі.
— Да «бульбашкі».
— А-а, у яе ж быццам сёння вольны дзень.
— Дамова ў нас. Ды што ты парышся, братан? — перайшоў на «ты» Зміцер Дашкевіч. — Каго прэсуеш?
— Ну, згода, знялі тэму. Праходзь, — мацак, у якога якраз засігналіў мабільнік, вярнуўся ў крэсла.
Зміцер Дашкевіч адразу ўзняўся на другі паверх і апынуўся ў доўгім калідоры, па баках якога месціліся пакоі з нумарамі на дзвярах і раз-пораз узнікалі чыесьці нетаропкія постаці. Нейкая ўскудлачаная дзяўчына ў шортах на яго пытанне тыцнула пальцам у адны з дзвярэй:
— Тут.
Стрыечніца Аня сядзела ў крэсле за невялікім столікам, на якім стаяла напаўпустая бутэлька віна і пара пласцікавых аднаразовых талерак. Побач з ёй, але на канапе ўладкавалася фарбаваная пад ружовы колер дзяўчына з лялечным тварыкам. Абедзве палілі цыгарэты.
Пабачыўшы брата, стрыечніца быццам і не здзівілася.
— Усё-такі высачыў, — сказала яна, крыва ўсміхнуўшыся. — Ну, давай, гавары!
— Я пайду, — адразу падхапілася яе суразмоўца і, не марудзячы, выйшла.
— Збірайся, — сказаў Змітрок Дашкевіч сястры. — Я не хачу ведаць, чым ты тут займаешся, але мы адсюль ад’язджаем. І лепш нават зараз. Пойдзеш у гасцініцу, дзе я спыніўся, і пабудзеш там, пакуль я прывязу білеты на цягнік.