Читать «Стрыечница. Прытча пра жука-чарнацёлку. Пакупнік сноў» онлайн - страница 13
Юры Станкевіч
— Так, так, — сказаў Кук, — ёсць людзі, якія мала спяць, і таму, пэўна, заўсёды ў выйгрышы, а мне, напрыклад, трэба спаць каля васьмі гадзін у суткі, і шкада — бо трэць жыцця чалавек ляжыць на ложку ў своеасаблівай непрытомнасці, — вочы блукаюць у розныя бакі, нібы ў вар’ята, безабаронны, а мазгі працуюць дарэмна, узнаўляючы неакрэсленыя малюнкі падзей, якія не існуюць у рэальнасці.
І далей Кук, памаўчаўшы, пацікавіўся, ці бачыць сны яго субяседнік, бо той, па яго словах, спіць так мала.
— І вельмі яркія і запамінальныя, — ветліва патлумачыў гаспадар кватэры. — Хоць і бываюць нявартасныя, а то і зусім не істотныя, ну вось як, прыкладам, дзесяць хвілін таму, калі я прыснуў на гэтай канапе.
— І што ж вам прыснілася? — далікатна спытаў госць. — Вы запомнілі?
— А-а, дробязь, абы-што. Быццам я зайшоў у крамку «сэканд» — ну, што пад намі, у падвале нашага дзевяціпавярховіка, вы ж, пэўна, ведаеце, можа, нават і заходзілі, і разглядаў там рознае адзенне, а потым зняў з вешалкі ношаную скураную куртку і пачаў яе мераць у кабіне. Адчуваю — за падкладкай нешта быццам захрусцела. Ну, я распорваю сцізорыкам, акуратна так, а там цэлафанавы пакецік, а ў ім… брыдота, тараканы, якія адразу пачалі разбягацца…
І гаспадар кватэры сарамяжліва ўсміхнуўся.
— Хіба што, — супакоіў яго Кук. — Сапраўды, іншым разам такое сасніцца, што і расказваць сорамна.
Яны паразмаўлялі яшчэ пару хвілін пра сёе-тое. Кук успомніў, што прыходзіў за сярнічкамі, бо не было чым запаліць газ — ён не ўжывае тытуню і таму не мае пры сабе нават запальнічкі.
Мігель ахвяраваў карабок сярнічак, і Кук развітаўся з гаспадаром.
На другі дзень, вяртаючыся з працы пешшу, — а стаяла цёплая восень, Кук якраз праходзіў побач з падвалам, дзе знаходзілася крама па продажы ношанай і таннай вопраткі, і раптам спыніўся, а потым чамусьці спусціўся па прыступках і зайшоў унутр. У краме, завешанай усялякім адзеннем, амаль адсутнічалі пакупнікі. Паветра было цяжкае, пахла ношаным. Прадаўшчыца запрасіла Кука рухацца смялей і спытала, што яго асабіста цікавіць. Кук адказаў ёй у тым сэнсе, што паглядзіць сам, і прайшоў у кут, дзе вісела мужчынскае адзенне. Увагу яго ўрэшце прыцягнула адзіная на ўвесь гэты аддзел карычневая скураная куртка на маланцы. Цьмяна адчуваючы неакрэсленую цікавасць і згадаўшы сон суседа Мігеля, Кук зняў куртку з вешалкі і пачаў яе спачатку разглядаць, а потым абмацваць. «Якраз на вас, — умяшалася адразу прадаўшчыца, жанчына гадоў трыццаці са слядамі злоўжывання касметыкай на бледным твары, — ды вы праходзьце ў прымерачную, там і люстэрка, і месца больш, і ніхто перашкаджаць не будзе».
Кук скіраваў у прымерачную і зашморгнуў за сабой фіранку. Чамусьці прыслухаўся, ці не ідзе за ім прадаўшчыца, але тая ўжо завіхалася ля нейкай пакупніцы. Кук адклаў убок вешалку і пачаў старанна абмацваць куртку рукамі. Рэч была маланошаная, падкладка амаль не працёртая. Бліжэй да левай падпахі пад пальцамі ледзь чутна хруснула, і ён намацаў быццам нейкае зацвярдзенне. Сэрца забілася часцей, Кук нават міжвольна зірнуў на сябе ў люстэрка: твар быў усхваляваны, кроў прыліла да шчок. Ён адразу ўзяўся за куртку. Маленькі складанчык, які Кук заўсёды насіў з сабой, быў дарэчы.