Читать «Стрыечница. Прытча пра жука-чарнацёлку. Пакупнік сноў» онлайн - страница 15
Юры Станкевіч
Далей Кук усё больш паглыбляўся ў тэарэтычныя вышукі і паранавуковыя адхіленні. Урэшце, што такое наша рэальнасць? Гэта тое, што мы бачым рэчы такімі, якімі іх бачыць… дамовіліся. Тое, што зноў і зноў паўтараецца, паддаецца вымярэнню і мае нязменны вынік. Але ж ужо цяпер толькі з квантавай тэорыі мы ведаем, што сапраўдная, абсалютная рэальнасць існаваць у свеце пастаянна вібрыруючых скапленняў атамаў, прывідных субчасцінак, статыстычных верагоднасцей і палей — не можа. Мы вымушаны канстатаваць, што абсалютна рэальнага няма і ніколі не было. Увесь наш асабісты свет — магчыма, штучна створаны лакальны галадэк: жыццёвая прастора, карыстальнікі якой могуць выклікаць галаграфічныя імітацыі любой пажаданай рэальнасці. А калі перанесці ідэю галадэка на ўвесь Сусвет, то і галаграма прыраўняецца да яго і стане Галасветам, а наша падсвядомасць, запраграмаваная на тое, каб час ад часу апускаць нас у сапраўдную рэальнасць, імкнецца паказаць нам, што свет, які мы ствараем, таксама бясконца крэатыўны, як рэальнасць нашых сноў. Урэшце некаторыя сур’ёзныя вучоныя і даследчыкі лічаць сны «ўнутранымі галаграмамі». На іх думку, у так званых «светлых» снах, у ходзе якіх спячы захоўвае ясную свядомасць і ўплывае на падзеі, здзяйсняюцца візіты ў паралельныя рэальнасці, якія адбыліся ці адбудуцца ў іншы час. Ніхто дакладна не ведае, што такое сон і як працуе мозг чалавека. Дзіўны і злавесны сэнс набывала на першы погляд жартоўная дылема Чжуана-дзы пра філосафа, якому толькі што снілася, што ён — мятлік, і мятліка, якому цяпер сніцца, што ён — філосаф.
Праз некалькі дзён, памяняўшы ў абменніку адну паперку, Кук, абцяжарыўшы свой пулярэс грашыма, купіў бутэльку прыстойнага каньяку і скіраваў да суседа. Яўген Мігель якраз знаходзіўся дома і, як ён патлумачыў госцю, дагэтуль, лежачы на канапе, глядзеў тэлевізар. Кук адразу пацікавіўся, ці не прыснуў часам перадусім гаспадар. Так, згадзіўся Мігель, ён сапраўды задрамаў, хаця дакладна ведае, што шкодна спаць побач з працуючым тэлевізарам. І ўвогуле, на захадзе сонца.
— І бачылі нешта ў сне?
— Але.
— Можа, зноў што-небудзь з тараканамі?
— Не, без гэтай брыдоты, — адказаў гаспадар і спытаў, заўважыўшы каньяк і ажывіўшыся: — Гэта з якой нагоды?
— Адзін не ўжываю, а з паважаным чалавекам чаму не пасядзець, не пагаварыць, — пасля секунднага вагання дыпламатычна ўхіліўся ад тлумачэння пра знаходку ў «сэкандзе» Кук.
Мігель зрабіў па бутэрбродзе, прынёс шклянкі, адкаркаваў бутэльку і наліў госцю і сабе. Абодва выпілі, адкусілі па кавалку, памаўчалі, а потым Кук сказаў: