Читать «Стрыечница. Прытча пра жука-чарнацёлку. Пакупнік сноў» онлайн - страница 11
Юры Станкевіч
І вось вы дома. Раніца. Уваходзіце ў пад’езд, падымаецеся па лесвіцы. Ключ пры вас. Адчыняеце дзверы і ціхенька ўваходзіце. Тое, што бачыце, прымушае насцярожыцца. Паўсюдна мужчынская вопратка ўперамешку з жаночай. Чамаданы, сумкі. На стале — білеты на самалёт. Тут жа і дакументы. Яго зваць Ашот. Кватэра ўжо праданая, заўтра яны высяляюцца і вылятаюць на яго радзіму. Вы па-ранейшаму бязгучна ідзяце да спальні, прыадчыняеце дзверы і бачыце ў ложку абаіх. Яны спяць. Той, каго завуць Ашот, — невялікі, жукаваты, увесь парослы чорнай шчэццю, вам нават становіцца чамусьці крыўдна і агідна. Вы адступаеце на кухню і вяртаецеся з нажом. Далей ужо банальна: ідзе разборка і яе наступствы. У арміі вы навучыліся выдатна валодаць халоднай зброяй, нож і ў плаванні быў для вас асноўным інструментам. Так? Гаварыце!
Следчы Локас змоўк у чаканні.
— У мяне алібі. Я вярнуўся значна пазней.
— Вось як? А калі вас нехта бачыў менавіта ў той дзень?
— Не бярыце на понт, — сказаў падследны Крэз, але з ледзь улоўнай ноткай трывогі. — У вас, дарэчы, шалёная фантазія.
— Я даю вам хвіліну, — патрабаваў следчы Локас. — Пачнём гаварыць праўду?
Ён утаропіўся ў зняволенага і змоўк у чаканні.
— А вось вы — вы хацелі б пражыць сваё адзінае жыццё, а запаснога ж — няма, у якасці жука-чарнацёлкі? — замест адказу спытаў падследны Крэз.
— Хоць я і не ў праве адказваць на вашы пытанні, але адкажу. Вядома, не. Але ж вы вінаватыя не ў гэтым, а ў тым, што парушылі закон.
— Дакажыце.
— І вельмі хутка. Але я даю вам шанц.
— Гэта вы пра чыстасардэчнае прызнанне? Не, грамадзянін начальнік, на лоха вы мяне не развядзеце.
— Што ж, угаворваць — не мая справа. Да сустрэчы.
— Бывайце.
Следчы Локас націснуў кнопку, і падследнага павялі ў камеру.
Застаўшыся адзін, следчы Локас доўга сядзеў за сталом, зрэдку адказваў на тэлефонныя званкі і думаў. У рэшце рэшт ён упершыню аказаўся перад дылемай: знізіць вартасць жыцця чалавека, які толькі што сядзеў перад ім, амаль да нуля ці, наадварот, даць яму надзею. Жук-чарнацёлка. Следчы раптам уявіў сябе ў такой жа сітуацыі і адчуў непрыемную трывогу на душы і няўпэўненасць. Ён, як і яго падследны, таксама быў малады, сустракаўся з дзяўчынай і неўзабаве таксама збіраўся ажаніцца. Але, меркаваў ён, ці можна быць упэўненым у тым, што так хістка і ненадзейна ў рэальнасці навокал яго, дзе ўсё таксама адносна, як і мараль?
Следчы Локас адкрыў сейф і выцягнуў дадатковую дакументацыю да справы часова зняволенага Крэза, знайшоў і паклаў на стол перад сабой тое, што дагэтуль прытрымліваў як асноўны доказ: пісьмовае сведчанне аднаго з суседзяў нявесты падследнага Крэза: некалькі сказаў на адной старонцы. Гэтымі некалькімі сказамі стары пенсіянер ушчэнт разбіваў алібі Крэза. Ён сцвярджаў, што бачыў Крэза ў пад’ездзе якраз у дзень забойства, хаця апошні ўпарта настойваў на тым, што з’явіўся ў горадзе на некалькі дзён пазней. Гэтае сведчанне, якое ляжала цяпер на стале, і было той казырнай картай, якая магла ці знішчыць яго падследнага, ці, вызваліць, калі не даць яму ходу.