Читать «Стрыечница. Прытча пра жука-чарнацёлку. Пакупнік сноў» онлайн - страница 14
Юры Станкевіч
Ён крыху ўспароў шво, рассунуў у бакі і выцягнуў невялікі пакецік, двойчы загорнуты ў цэлафан. Не разглядваючы, паклаў яго ў кішэню, вынес з прымерачнай куртку, занёс на месца, дзе зноў павесіў на вешалку, пасля чаго выйшаў з крамкі, ужо на парозе запэўніўшы прадаўшчыцу, што рэч яму малая.
У ліфце Кук разгарнуў пакецік. У ім цесна спрасаваныя адна да адной ляжалі дваццаць банкнот па сто долараў кожная.
Пакінуўшы ліфт, усхваляваны Кук пасунуўся да дзвярэй суседа Мігеля, рука яго ўжо націскала кнопку званка, але абачліва стрымаў сябе і вырашыў усё спачатку добра абдумаць. І сапраўды, меркаваў Кук, мераючы крокамі пакойчык сваёй кватэры, — хаця вешчы сон Мігеля і навёў яго на вялікія грошы (а тараканы, як зараз успомніў народны соннік, і значылі грошы), ці павінен ён адразу аб’яўляць пра ўсё суседу і дзяліцца з ім знойдзеным? Не будучы сквапным, Кук схіляўся да таго, каб аддаць частку Мігелю, але калі той даведаецца, што яго сон збыўся, то хутчэй за ўсё спачатку пазайздросціць, а потым спрацуе своеасаблівы тормаз, і той не стане дзяліцца з ім сваімі снамі, а сны яго зусім няпростыя, ці ўвогуле яго падсвядомасць дасць збой. Кук раптам успомніў інтэрв’ю з адным пісьменнікам, якое прайшло па тэлебачанні. Пісьменнік — малады і самаўпэўнены з выгляду, расказаў, што пазычаў для сябе шмат сюжэтаў з гутарак са знаёмым па лецішчы старым, але аднойчы меў неасцярожнасць расказаць таму пра гэта, і старога адразу нібы замкнула і больш з яго нічога выціснуць не ўдалося. Так і тут, меркаваў Кук, усё можа згаснуць, як кволы агеньчык, хаця павінен жа ён нейкім чынам аддзячыць суседу, хіба не так? Гэтыя грошы Кук сам мог зарабіць не менш як за год стамляючага сядзення за сталом і частых камандзіровак, якія не асабліва любіў. Да таго ж, як адразу вызначыў, усе, прыхаваныя кімсьці на чорны дзень банкноты, былі сапраўдныя.
Увесь наступны тыдзень Кук як чалавек цікаўны, узяўшы адгул, правёў усебаковыя пошукавыя даследаванні, якія тычыліся праблематыкі сноў. Заказаў у бібліятэцы шмат дапаможнай літаратуры па гэтай тэме і праседжваў у чытальных залах усю першую палову дня.
Выявіў для сябе шмат цікавага, але дакладна акрэсленай навуковай канцэпцыі так і не знайшоў. Увогуле, гаданне па снах насіла назву анейрамантыя. Як здаўна падкрэслівалася, усялякі сон важны толькі сваім вытлумачэннем. Празорцы мінулага начавалі ў храмах з пэўнай мэтай: пабачыць вешчыя сны і аб’явіць цікаўным іх сэнс. У старажытных плямёнах існавалі культы снабачанняў, якія захаваліся ў некаторых рэгіёнах і да нашага часу. Прычым рэальнасць сноў была, на іх погляд, больш вартасная за рэальнасць часу. Так, туземец з выспы Барнеа, які ўбачыў у сне, што жонка здрадзіла яму, лічыць гэта абсалютна доказным. Бацькі ў лепшых выпадках адразу забіраюць сваю дачку назад да сябе, каб пазбегнуць помсты раўніўца. Сведчанне снабачцы пераважвае любыя адгаворкі. Індзейцы племені іракезаў, што б ім ні прыснілася, абавязкова выконваюць гэта, і як мага хутчэй. У Бразіліі індзейцы племені тупа-інба рашаліся на вайну толькі пасля спрыяльных сноў, а ў мексіканскім племені хуічолаў адмыслова прызначаны снабачца выбіраў новых кіруючых асоб і правадыроў. На Камчатцы, як сведчыў вядомы даследчык Г. Штэлер, дастаткова было заявіць, што табе сасніліся ласкі такой-та дзяўчыны, каб іх тут жа атрымаць. Яна памерла б, калі б не зрабіла так, каб рэальнасць заплаціла пазыку перад сном.