Читать «Ёна, або Мастак за працай (на белорусском языке)» онлайн - страница 15

Альбер Камю

Аднак Ёна працаваў менш, хоць i сам не мог уцямiць - чаму. Ён па-ранейшаму быў старанны, але цяпер беручы ў рукi пэндзаль, адчуваў нейкi цяжар, нават калi заставаўся адзiн. У такiя хвiлiны ён стаяў ля акна i пазiраў на неба. Ён i раней быў няўважлiвы, заўжды паглыблены ў свае думкi, цяпер ён стаў летуценны. Замест таго каб маляваць, ён думаў пра жывапiс, пра сваё прызначэнне. "Я люблю маляваць", - яшчэ казаў ён сабе, а пэндзаль звiсаў у яго руцэ ўздоўж цела, i ён прыслухоўваўся да гукаў далёкага радыё.

У гэты час яго рэпутацыя пачала падаць. Водгукi на яго працу, што з'яўлялiся ў друку, усё часцей рабiлiся стрыманымi цi нават благiмi, а некаторыя былi такiя злыя, што ў Ёны сцiскалася сэрца. Але ён казаў сабе, што i з гэтых нападак можна атрымаць карысць - яны прымусяць яго працаваць лепей. Тыя, хто яшчэ завiтваў да Ёны, абыходзiлiся з iм ужо без былой павагi, як са старым сябрам, з якiм няма чаго цырымонiцца. Калi Ёна хацеў вярнуцца да карцiны, яму казалi: "Ды ну! Паспееш яшчэ!" I Ёна адчуваў, што гэтыя няўдальцы пачынаюць ужо лiчыць яго за свайго сабрата па няшчасцi. Але з другога боку, у новых адносiнах было нешта прыемнае. Рато пацiскаў плячыма: "Ты проста дурань. Яны зусiм не любяць цябе". - "Цяпер трошкi любяць, - адказваў Ёна. - А трошкi любовi - гэта ўжо вельмi многа. Цi ёсць рознiца, чым ты яе заслужыў!" I ён па-ранейшаму гаманiў з гасцьмi, адказваў на лiсты i сяк-так, калi мог, маляваў. Зрэдку ён браўся за пэндзаль па-сапраўднаму, гэта здаралася асаблiва ў нядзелю, калi дзецi з Луiзай i Розай iшлi пасля абеду на шпацыр. I ён радаваўся, калi пад вечар праца над карцiнай трошкi пасоўвалася наперад. У тыя днi ён маляваў неба.

Аднойчы гандляр паведамiў Ёну, што попыт на яго палотны значна панiзiўся, i таму, на жаль, ён вымушаны паменшыць заробак; Ёна згадзiўся, але Луiзу гэта занепакоiла. Быў верасень, дзецям да новага навучальнага года трэба было купляць адзенне. I Луiза са звычайнаю мужнасцю ўзялася за гэта сама. Праўда, надоўга сiлы ў яе не хапiла. Роза магла нешта зацыраваць, ушыць гузiк, але шыць яна не ўмела. Затое стрыечная сястра ў яе мужа была швачка; яна i падрадзiлася дапамагчы Луiзе. Час ад часу яна прыходзiла ў пакой, дзе працаваў Ёна, i сядала на крэсле ў самым куце. Зрэшты, гэта негаваркая асоба паводзiла сябе заўсёды вельмi спакойна. Настолькi спакойна, што Луiза параiла Ёну намаляваць "Краўчыху". "Добрая думка", - сказаў Ёна. Ён паспрабаваў, сапсаваў два палатны i зноў узяўся за сваё неба. На другi дзень, замест таго каб маляваць, ён доўга хадзiў па кватэры i разважаў. Раптам прыбег распалены вучань, сунуў яму нейкi доўгi артыкул, якi б у iншым выпадку Ёна нават не прачытаў. У артыкуле пiсалася, што яго жывапiс адначасова прэтэнцыёзны i старамодны. Тут якраз пазванiў гандляр i зноў выказаў занепакоенасць знiжэннем попыту на палотны. Але Ёна па-ранейшаму летуценiў i разважаў. Вучню ён сказаў, што ў артыкуле ёсць доля праўды, але наперадзе ў яго яшчэ шмат часу, i ён ускладае на яго пэўныя надзеi. А гандляру адказаў, што разумее яго заклапочанасць, але не падзяляе яе. У яго ёсць задума стварыць нешта вялiкае i сапраўды новае; так што ўсё зноў пойдзе добра. Гаворачы гэта, Ёна адчуў, што кажа праўду, што зорка зноў спрыяе яму. Досыць толькi наладзiць усё як след.