Читать «Ёна, або Мастак за працай (на белорусском языке)» онлайн - страница 13

Альбер Камю

Аднойчы ў суботу, у другой палове дня Рато прынёс Луiзе мудрагелiстую сушылку бялiзны, якую можна было б усталяваць на кухнi пад столлю. Кватэра была ўжо бiтком напакавана гасцьмi, у маленькiм пакойчыку ў цесным гурце сапраўдных знаўцаў Ёна рабiў партрэт той, што падаравала яму сабак, а побач нейкi iншы мастак маляваў самога Ёну. Як сказала Луiза, гэта быў дзяржаўны заказ. "Карцiна будзе называцца "Мастак за працай"". Рато адышоўся ў кут i пачаў назiраць за сябрам, якi, вiдаць, вельмi занурыўся ў работу. Адзiн знаўца, якi Рато раней нiколi не бачыў, нахiлiўся да яго i шапнуў: "Гляньце, якi ў яго выгляд, га!" Рато нiчога не адказаў. Але той не сунiмаўся: "Вы мастак, я таксама. Дык вось, верце мне, ён здае". - "Ужо?" - сказаў Рато. "Але. Гэта ўсё поспех. Поспеху не вытрымлiвае нiхто. Як мастак, ён ужо прапаў". - "Дык ён здае цi ўжо прапаў?" - "Калi мастак здае, ён прапаў. Гляньце - яму няма чаго маляваць. Цяпер малююць яго самога - а потым павесяць на цвiк".

Многа пазней, калi было ўжо за поўнач, Луiза, Рато i Ёна сабралiся ў спальнi. Ёна стаяў, Луiза i Рато сядзелi на ложку, усе маўчалi. Дзецi спалi, сабакi былi ў вёсцы, куды iх удалося звезцi за невялiкую плату, толькi што Луiза перамыла гару пасуды, Ёна з Рато яе перацерлi, усе былi вельмi стомленыя. Калi яны былi ў кухнi, Рато, гледзячы на стос талерак, прапанаваў: "Вазьмiце сабе пакаёўку". Але Луiза маркотна адказала: "Ды дзе ж яна тут прыткнецца?" Цяпер яны маўчалi. "Ты задаволены?" - раптам запытаўся Рато. Ёна ўсмiхнуўся, хоць выгляд у яго быў змораны. "Але. Усе са мною вельмi прыязныя". - "Не, - сказаў Рато. - Пасцеражыся. Не ўсе яны такiя добрыя". - "Ты пра каго?" - "Пра тваiх сяброў-мастакоў, напрыклад". - "Я ведаю, - сказаў Ёна. Але амаль усе мастакi такiя. Нiхто з iх не ўпэўнены, што iснуе, як мастак. Вось, каб знайсцi такую ўпэўненасць, яны i пачынаюць шукаць розныя доказы, крытыкуюць, ганяць. Гэта дае iм сiлу, гэта азначае ў iх пачатак iснавання. Усе яны вельмi самотныя!" Рато адно кiваў галавой. "Дай мне веры, - сказаў Ёна, я iх ведаю. Iх трэба любiць". - "Ну а ты, - сказаў Рато, - ты, значыцца, iснуеш? Ты ж нiколi нi пра каго не кажаш, што ён дрэнны". Ёна засмяяўся: "О, я часта думаю пра iх дрэнна. Але я не злапомны". Потым ён пасур'ёзнеў: "Не, я не ўпэўнены, што iсную. Але ў тым, што буду iснаваць, - перакананы".

Рато спытаўся ў Луiзы, што думае пра ўсё гэта яна. Луiза схамянулася, скiнула з сябе стому - Ёна мае рацыю: тое, што думаюць госцi, не так ужо важна. Важна толькi тое, што робiць Ёна. I яна добра бачыць, як замiнае яму ў працы дзiця. А яно ж расце, i хутка трэба будзе купiць канапу, якая таксама зойме месца. Што зробiш, пакуль яны не знайшлi большай кватэры! Ёна азiраў спальню. Вядома, гэта не iдэал, ложак тут занадта шырокi. Затое ўвесь дзень гэты пакой пусты. Ёна параiўся з Луiзай, тая задумалася. Прынамсi, тут ужо Ёну турбаваць не будуць - не адважацца ж госцi забiрацца на iхнi ложак. "А што думаеце вы?" - у сваю чаргу запыталася Луiза ў Рато. Той зiрнуў на Ёну. Ёна глядзеў на вокны суседняга дома. Потым падняў вочы да бяззорнага неба, падышоў да акна i завесiў шторы. Вярнуўшыся, ён усмiхнуўся Рато i моўчкi сеў побач. Луiза, у якой быў зусiм змардаваны выгляд, сказала, што iдзе ў душ. Сябры засталiся адны, i Ёна адчуў, як Рато падсунуўся блiжэй i ткнуўся яму ў бок плячом. Ёна не павярнуўся i толькi сказаў: "Я люблю маляваць. I хацеў бы маляваць усё жыццё, i ўночы, i ўдзень. Цi ж гэта не шчасце?" Рато пяшчотна глядзеў на сябра. "Але, - сказаў ён, - гэта шчасце".