Читать «Ёна, або Мастак за працай (на белорусском языке)» онлайн - страница 14

Альбер Камю

Дзецi раслi, i Ёна радаваўся iх весялосцi i здароўю. Яны хадзiлi ў школу i а чацвёртай гадзiне вярталiся дамоў. Апроч таго, Ёна мог бачыцца з iмi ў суботу, калi яны прыходзiлi апоўднi, у чацвер i цэлымi днямi на працягу частых i доўгiх канiкул. Дзецi былi яшчэ не настолькi дарослыя, каб гуляць цiха i спакойна, але досыць жвавыя, каб у гульнях спрачацца, крычаць i смяяцца на ўсю хату. Iх даводзiлася супакойваць, ушчуваць, а часам дзеля выгляду даваць i пару плескачоў. Апроч таго, трэба было мыць iх бялiзну, ушываць гузiкi, i Луiзiнага часу на гэта ўжо не ставала. Праз вялiкую цеснату бацькi не маглi наняць пакаёўкi, нават такой, якая прыходзiла б толькi на дзень. I таму Ёна прапанаваў запрасiць на дапамогу Луiзiну сястру Розу, якая засталася ўдавой i жыла цяпер адна з дарослаю дачкою. "I праўда, - сказала Луiза, - з Розай клопату ў нас не будзе. Калi захочам, мы заўсёды зможам яе турнуць". Ёна быў рады, што праблема нарэшце вырашылася, бо гэта абяцала палёгку не толькi Луiзе, але i яго сумленню, якое не давала спакою мастаку, калi ён бачыў змэнчаную вечнымi клопатамi жонку. А палёгка сапраўды аказалася вялiкая, бо часта Роза прыводзiла з сабой i дачку. У абедзвюх было найдабрэйшае сэрца, ва ўсiм свеце няможна было б знайсцi людзей такiх бескарыслiвых i зычлiвых. Яны адразу кiнулiся дапамагаць маладой сям'i i, не шкадуючы часу, рабiлi, здаецца, нават немагчымае. На гэта жанчын натхняла нуда iх самотнага жыцця i тая прыемная натуральнасць, з якой iх сустрэлi ў Луiзы. Сапраўды, як i прадугледжвалася, нiхто са сваячкамi асаблiва не цырымонiўся, i з першага ж дня яны адчулi сябе тут як дома. Вялiкая зала ператварылася ў гасцiную i адначасова служыла сталовай, кладоўкаю пад бялiзну i пакоем пад дзiцячыя гульнi. У маленькiм пакоi, дзе спаў малодшы, трымалi палотны i часам, калi Роза прыходзiла адна, ставiлi ёй раскладны ложак.

Ёна займаў спальню i працаваў там на маленькiм пятачку памiж ложкам i акном. Ранiцай яму даводзiлася трошкi пачакаць, пакуль следам за дзiцячым прыбяруць i гэты пакой. Затое пасля ўжо нiхто яго не турбаваў; хiба што заходзiлi ўзяць што-небудзь з бялiзны, але што зробiш - адзiная ў хаце шафа стаяла тут. Праўда, i госцi, хай цяпер i не такiя шматлiкiя, хутка прызвычаiлiся да новага становiшча. Насуперак спадзяванням Луiзы, яны без асаблiвых ваганняў узлягалiся на сямейным ложку, каб выгодней гаманiць з Ёнам. Часам даць тату буськi забягалi i дзецi. "Дай зiрнуць на малюнак". Ёна паказваў малюнак, над якiм працаваў, пяшчотна цалаваў малых i, адсылаючы iх, адчуваў, як непадзельна i поўна пануюць яны ў яго сэрцы. Каб iх не стала, вакол яго засталiся б толькi самота i пустата. Ёна любiў iх, любiў гэтак жа моцна, як i свой жывапiс, бо ва ўсiм свеце толькi ў iх было столькi ж жыцця.