Читать «Ёна, або Мастак за працай (на белорусском языке)» онлайн - страница 17

Альбер Камю

Ён хадзiў ужо толькi ў кварталы на самай ускраiне, дзе яго нiхто не ведаў. Там ён мог гаманiць i ўсмiхацца, да яго вярталася зычлiвасць, нiхто яго не распытваў. Ён завёў некалькi малапатрабавальных прыяцеляў. I асаблiва любiў кампанiю аднаго, што працаваў гарсонам у прывакзальным буфеце, дзе Ёна часта бываў. Аднойчы той запытаўся: "А чым вы наогул займаецеся?" - "Малюю". - "Што, маляр? Цi, можа, мастак?" - "Мастак". - "Вунь як! Няпростая справа", - адказаў гарсон. Болей яны не гаманiлi пра гэта. Але, думаў Ёна, справа няпростая, ды ён выкруцiцца, вось толькi знойдзе, як уладзiць жыццё.

Дзень за днём, чарка за чаркай, ён знаёмiўся з новымi людзымi, на дапамогу прыйшлi жанчыны. З iмi ён умеў шчыра пагутарыць, перад цi пасля ложка, а галоўнае - крыху пахвалiцца. Яны разумелi яго, нават калi i не надта давалi веры. Часам яму здавалася, што былая моц зноў вяртаецца да яго. I аднойчы, падбадзёраны адной такою сяброўкай, ён вырашыў пачаць усё спачатку. Ён вярнуўся дадому i зноў паспрабаваў працаваць у спальнi, балазе краўчыхi тады не было. Але ўжо праз гадзiну адклаў палатно, усмiхнуўся Луiзе, гледзячы на яе пустымi вачыма, i выйшаў. Увесь дзень ён пiў, а ноч правёў у сваёй сяброўкi, хоць быў, зрэшты, няздольны яе пажадаць. Ранiцай Луiза сустрэла яго ў смутку, яе твар увасабляў сабой жывы боль. Яна хацела ведаць, цi спаў ён з гэтай жанчынай. Ёна адказаў, што з гэтай - не, бо быў п'яны, але раней спаў з iншымi. I ўпершыню, з адчаем у сэрцы, ён убачыў такi твар у Луiзы, твар тапелiцы, на якiм адбiлiся здзiўленне i вялiкая пакута. Тады ён раптам уразумеў, што за ўвесь гэты час нават не думаў пра яе, i яму зрабiлася сорамна. Ён папрасiў прабачэння, цяпер з гэтым кончана, заўтра ўсё будзе зноў як раней. Луiза была няздольная штосьцi сказаць i адвярнулася, каб схаваць свае слёзы.

На другi дзень Ёна выйшаў з дому вельмi рана. Iшоў дождж. Ён вярнуўся прамоклы да касцей, цягнучы на сабе нейкiя дошкi. У вялiкiм пакоi за кавай сядзелi два старыя сябры, якiя прыйшлi яго наведаць. "Ёна мяняе дэкарацыi. Цяпер ён будзе маляваць на дрэве!" - сказалi яны. Ёна ўсмiхнуўся: "Зусiм не. Але я сапраўды пачынаю нешта новае". Ён прайшоў у маленькi калiдор, куды выходзiлi душавы пакой, прыбiральня i кухня. Там, дзе калiдор паварочваў, ён спынiўся i доўга разглядаў высокiя сцены, што ўздымалiся пад змрочную столь. Спатрэбiлiся лескi, i ён спусцiўся па iх да кансьержа.

Калi ён вярнуўся, у кватэры было яшчэ некалькi знаёмых, i яму давялося адбiвацца ад iх захопленых воклiчаў i пытанняў дзяцей, каб нарэшце дабрацца да канца калiдора. Жонка ў гэту хвiлiну якраз выходзiла з кухнi. Ёна паставiў лескi i моцна прыгарнуў яе да сябе. Луiза зiрнула яму ў вочы. "Прашу цябе, сказала яна, - не трэба пачынаць усё зноў". - "Не, не, - адказаў Ёна. - Я буду маляваць, я павiнен маляваць". Але здавалася, ён казаў гэта самому сабе, яго позiрк быў недзе вельмi далёка. Ён пачаў працаваць. Пасярэдзiне вышынi сцен ён збудаваў памост, i ў яго атрымалася нешта накшталт вузкiх, але глыбокiх i высокiх антрэсоляў. Адвячоркам усё было скончана. Тады Ёна стаў на лескi, ухапiўся рукамi за край памоста i некалькi разоў падцягнуўся, каб выпрабаваць трываласць сваёй канструкцыi. Потым ён далучыўся да тых, хто чакаў яго ў зале, i ўсе былi радыя зноў бачыць яго такiм сардэчным i ветлiвым, якi ён быў раней. Увечары, калi хата ўжо амаль апусцела, Ёна ўзяў газнiцу, крэсла, зэдлiк, падрамнiк i пад цiкаўнымi позiркамi дзяцей i трох жанчын падняў усё гэта на антрэсолi. "Ну вось, - прамовiў ён з вышынi свайго седала. - Цяпер я буду працаваць тут i нiкому не перашкоджу". Луiза запыталася, цi ўпэўнены ён, што зможа там нешта зрабiць. "Вядома, - адказаў Ёна. - Многа месца не трэба. Мне тут будзе вальней. Сярод вялiкiх мастакоў былi i такiя, што малявалi са свечкай, але..." - "Дошкi хаця трывалыя?" Дошкi былi трывалыя. "Супакойся, сказаў Ёна, - гэта ж выдатнае выйсце". I ён спусцiўся ўнiз.