Читать «Герастрат (на белорусском языке)» онлайн - страница 6

Жан Поль Сартр

На гэтых словах размова скончылася, але я быў спакойны: прыйдзе час, i яны яе ўспомняць. Што да мяне, дык гiсторыя з Герастратам, пра якога я раней нiчога не чуў, мяне падбадзёрыла. Больш за дзве тысячы гадоў мiнула з таго часу, як ён памёр, а яго ўчынак яшчэ зiхцеў, як чорны алмаз. Я пачынаў верыць, што лёс у мяне будзе кароткi i трагiчны. Спачатку гэта мяне спалохала, але потым я прызвычаiўся. Вядома, калi паглядзець на гэтае пытанне з пэўнага пункту, яно здаецца пачварным, але з iншага боку - гэта надае кожнаму iмгненню нейкую асаблiвую сiлу i прыгажосць. Калi я выходзiў цяпер на вулiцу, я адчуваў ва ўсiм целе незвычайную моц. Я заўсёды меў пры сабе рэвальвер, тую самую штучку, што выбухае i робiць грукат. Але ўпэўненасцi мне цяпер надаваў не ён, я сам быў яе вытокам: я ўваходзiў у тую пароду iстот, што самi па сабе рэвальверы, петарды i бомбы. I аднойчы на астатнiм крэсе свайго змрочнага жыцця, я мусiў выбухнуць i асвяцiць увесь свет кароткiм i зыркiм полымем, падобным да ўспышкi магнiю. У той час некалькi ночаў запар мне снiўся аднолькавы сон. Я бачыў сябе анархiстам, што стаiць на дарозе, дзе павiнен праехаць цар. Пад вопраткаю ў мяне хавалася пякельная машынка. У вызначаны час картэж паяўляўся, бомба выбухала, i мы ўзляталi ў паветра - я, цар i тры абвешаныя золатам афiцэры - на вачах у ўсяго натоўпу.

Цэлымi тыднямi цяпер я не хадзiў у кантору. Я гуляў па бульвары, сярод маiх будучых ахвяр, цi зачыняўся ў пакоi i абдумваў планы. У пачатку кастрычнiка мяне звольнiлi. Тады ўвесь вольны час я прысвяцiў складанню лiста, якi перапiсаў у ста двух экземплярах:

"Пане,

Вы вядомы пiсьменнiк, i вашыя творы выходзяць трыццацiтысячнымi тыражамi. I я скажу вам - чаму: таму, што вы любiце людзей. Гуманiзм сядзiць у вас у крывi, i гэта вялiкая ўдача. У вас святлее душа, калi вы ў кампанii. Як толькi вы бачыце падобнага да сябе, вы, нават яго не ведаючы, ужо адчуваеце да яго спагаду. Вам прыемна бачыць само яго цела, i тое, як яно зладжана, i якiя ў яго ногi, i што iх можна свабодна расставiць цi звесцi, i асаблiва - рукi: вам падабаецца, што на iх на кожнай ёсць па пяць пальцаў i што вялiкiм можна дастаць другiя. Вы адчуваеце нейкую асаблiвую асалоду, калi ваш сусед бярэ са столiка шклянку, бо ў самой гэтай манеры браць ёсць нешта чыста чалавечае, тое, што вы так часта апiсвалi ў сваiх творах, - не такое спрытнае i не такое хуткае, як у малпы, але - цi ж не праўда? - настолькi болей разумнае, iнтэлiгентнае. Вам падабаецца нават плоць чалавека, нават яго манера ступаць нiбы ў цяжкапараненага, што аднаўляе страчаныя iм функцыi, гэты яго выгляд, з якiм ён нiбыта пры кожным кроку нанава выдумляе хаду, - ну i, вядома, яго славутыя вочы, погляд якiх не можа вытрываць звер. Менавiта таму вам было так лёгка знайсцi той адпаведны тон, каб расказаць чалавеку пра чалавека, - крыху сарамлiвы, але заўзяты i палкi. Людзi кiдаюцца на вашыя кнiгi, як на ласунак, чытаюць iх ва ўтульных фатэлях, думаюць пра тую вялiкую, няшчасную i цiхую любоў, што вы iм несяце, i гэта iх шмат у чым супакойвае - у тым, што яны брыдкiя, у тым, што яны подлыя i баязлiвыя, што iм настаўляюць рогi i з першага студзеня не павялiчылi жалавання. I пра ваш апошнi раман кожны з задавальненнем кажа: гэта добры ўчынак.