Читать «Герастрат (на белорусском языке)» онлайн - страница 5

Жан Поль Сартр

Жанчын бы я не забiваў. Я страляў бы iм у заднiцу. Цi па лытках - хай бы паскакалi.

На той час я нiчога яшчэ канчаткова не вырашыў. Але размеркаваў рабiць усё так, нiбы рашэнне прынятае. Перш за ўсё я пачаў з уладжвання розных пабочных дробязяў. Хадзiў практыкавацца ў тыр на кiрмашы Данфер-Рашро. Праўда, мiшэнямi сваiмi не магу пахвалiцца, але ж людзi - намнога лепшыя цэлi, асаблiва калi страляць ва ўпор. I апроч таго - я заняўся самарэкламай. Я выбраў дзень, калi ўсе мае калегi сабралiся ў канторы. Гэта было ранiцай у панядзелак. Я быў з iмi падкрэслена прыязны - з прынцыпу, хоць мне рабiлася пагана пры адной толькi думцы, што iм трэба будзе пацiскаць рукi. Каб павiтацца, яны здымалi пальчаткi, прычым у iх была нейкая пахабная манера распранаць руку - спачатку яны задзiралi пальчатку i потым паволi сцягвалi яе, торгаючы за пальцы i выстаўляючы напаказ галiзну пакамечанай зморшчынкамi тлустай далонi. Я пальчатак не здымаў нiколi.

Ранiцай па панядзелках рабiць асаблiва няма чаго. Машынiстка з гандлёвага аддзела прынесла нам тады квiткi ад рахункаў. Лёмэрсье далiкатна з ёю пажартаваў, i потым, калi яна выйшла, яны са скептычнаю кампетэнтнасцю пачалi абмяркоўваць яе вартасцi. Потым загаманiлi пра Лiндберга. Лiндберг усiм падабаўся. I я сказаў:

- А я дык, напрыклад, люблю чорных герояў.

- Гэта што - мурынаў? - спытаўся Масэ.

- Не, чорных - у тым жа сэнсе, што чорная магiя. Лiндберг - светлы герой. Ён мяне не цiкавiць.

- Ага, - з'едлiва прамовiў Буксэн, - спачатку паспрабавалi б самi, цi лёгка пераляцець Атлантыку.

Я растлумачыў iм, як сабе разумею чорнага героя.

- Анархiст, - падсумаваў Лёмэрсье.

- Не, - мякка адмовiўся я, - анархiсты таксама па-свойму любяць людзей.

- Ну, значыць, увогуле нейкi вар'ят.

У гэты момант слова ўзяў Масэ, якi больш за iншых разумеў у лiтаратуры.

- Я ведаю, якi тып вы мелi на ўвазе, - сказаў ён. - Яго звалi Герастрат. Яму вельмi карцела праславiцца, i ён не знайшоў нiчога лепшага, як падпалiць Эфескi храм, адно з сямi дзiвосаў свету.

- А як звалi архiтэктара храма?

- Не памятаю, - прызнаўся Масэ, - па-мойму, яго iмя наогул невядомае.

- Няўжо? А iмя Герастрата вы, значыць, памятаеце? Як бачыце, яго разлiк быў не такi ўжо благi.