Читать «Майстар i Маргарыта (на белорусском языке)» онлайн - страница 8

Михаил Булгаков

- Ага, кансультантам.

- Вы - немец? - дапытваўся Бяздомны.

- Я?.. - перапытаў прафесар i раптам задумаўся. - Ага, мабыць, немец... сказаў ён.

- Вы добра гаворыце па-расейску, - уставiў Берлiёз.

- О, я наогул палiглот i ведаю вельмi многа моў, - адказаў прафесар.

- А якая ў вас спецыяльнасць? - спытаўся Берлiёз.

- Я - спецыялiст па чорнай магii.

"На табе!.." - стукнула ў галаве ў Мiхаiла Аляксандравiча.

- I... вас па гэтай спецыяльнасцi запрасiлi да нас? - спытаўся ён, заiкаючыся.

- Ага, па гэтай запрасiлi, - пацвердзiў прафесар i растлумачыў: - Тут у дзяржаўнай бiблiятэцы знойдзены арыгiнальныя рукапiсы чарнакнiжнiка Герберта Аўрылакскага, дзесятага стагоддзя. Дык вось, патрабуецца, каб я прачытаў iх. Я адзiны ў свеце спецыялiст.

- А-а! Вы гiсторык? - з вялiкай палёгкай i павагай спытаўся Берлiёз.

- Я - гiсторык, - пацвердзiў вучоны i дадаў нi к сялу нi к гораду: - Сёння вечарам на Патрыярхавых будзе цiкавая гiсторыя!

I зноў вельмi здзiвiлiся i рэдактар, i паэт, а прафесар паклiкаў iх да сябе i, калi яны нахiлiлiся да яго, прашаптаў:

- Майце на ўвазе, што Iсус iснаваў.

- Бачыце, прафесар, - адазваўся з вымучанай усмешкай Берлiёз, - мы паважаем вашы вялiкiя веды, але самi маем наконт гэтага другое перакананне.

- Не трэба нiякiх перакананняў! - адказаў дзiўны прафесар. - Проста ён iснаваў, а больш нiчога.

- Але трэба ж хоць нейкi доказ... - пачаў Берлiёз.

- I доказаў нiякiх не трэба, - адказаў прафесар i загаварыў цiхiм голасам, акцэнт у яго адразу чамусьцi знiк: - Усё проста: у белым плашчы...

Раздзел 2

ПОНЦIЙ ПIЛАТ

У белым плашчы з крывавым падбоем, кавалерыйскаю хадою з падшаркваннем на дасвеццi чатырнаццатага чысла вясновага месяца нiсана ў крытую каланаду, якая злучала два крылы палаца Iрада Вялiкага, выйшаў пракуратар Юдэi Понцiй Пiлат.

Больш за ўсё на свеце пракуратар ненавiдзеў пах ружавага алею, i ўсё цяпер прадказвала нядобры дзень, бо пах гэты пачаў даймаць пракуратара з дасвецця. Пракуратару здавалася, што ружавы пах iдзе ад кiпарысаў i пальмаў у садзе, што да паху скур i канвою прымешваецца пракляты ружавы струмень. Ад флiгеляў за палацам, дзе размясцiлася першая кагорта Дванаццатага Маланкавага легiёна, якая прыйшла з пракуратарам у Ершалаiм, зацягвала дымок у каланаду цераз верхнюю пляцоўку саду, i да гаркавага дыму, якi сведчыў пра тое, што кашавары ў кентурыях пачалi гатаваць страву, прымешваўся ўсё той жа тлусты дух ружавага алею. Ах багi, багi, за што вы караеце мяне?

"Але, несумненна! Гэта яна, зноў яна - непераможная, страшная хвароба гемiкранiя, ад якое балiць палавiна галавы. Ад яе няма лякарства, няма нiякага ратунку. Паспрабую не варушыць галавой".

На мазаiчнай падлозе ля фантана ўжо было падрыхтавана крэсла, i пракуратар, не гледзячы нi на кога, сеў на яго i працягнуў руку ўбок.

Сакратар паважлiва ўклаў у гэтую руку кавалак пергаменту. У пракуратара ад болю скрывiўся твар, i ён скоса, мiмаходзь паглядзеў на напiсанае, вярнуў пергамент сакратару i з цяжкасцю прамовiў:

- Падследны з Галiлеi? Да тэтрарха справу пасылалi?

- Пасылалi, пракуратар, - адказаў сакратар.