Читать «Майстар i Маргарыта (на белорусском языке)» онлайн - страница 6
Михаил Булгаков
Берлiёз з вялiкаю ўвагаю слухаў непрыемны расказ пра саркому i пра трамвай, i нейкiя трывожныя думкi пачыналi мучыць яго. "Ён не чужаземец! Ён не чужаземец! - думаў ён. - Гэта вельмi дзiўны суб'ект... але, даруйце, хто ж ён такi?"
- Вы хочаце палiць, як я бачу? - нечакана звярнуўся да Бяздомнага незнаёмец. - Вы якiя палiце?
- А ў вас хiба розныя ёсць? - панура спытаўся паэт, у якога кончылiся папяросы.
- Якiя вам? - спытаўся невядомы.
- Ну, "Нашу марку", - злосна адказаў Бяздомны.
Незнаёмы адразу ж дастаў з кiшэнi партабак i прапанаваў Бяздомнаму:
- "Наша марка".
I рэдактара i паэта не гэтак уразiла тое, што знайшлася ў партабаку менавiта "Наша марка", колькi сам партабак. Ён быў вялiкi, з чырвоннага золата, i на iм, калi адчыняўся, блiснуў сiнiм i белым агнём брыльянтавы трохкутнiк.
Тут лiтаратары падумалi рознае. Берлiёз: "Не, чужаземец!", а Бяздомны: "Во, д'ябал яго вазьмi! Га?"
Паэт i гаспадар партабака запалiлi, а Берлiёз адмовiўся.
"Трэба будзе запярэчыць яму такiм чынам, - рашыў Берлiёз, - правiльна, чалавек смяротны, нiхто гэта не аспрэчвае. А справа ў тым, што..."
Аднак ён не ўспеў сказаць гэтыя словы, як загаварыў чужаземец:
- Правiльна, чалавек смяротны, але гэта толькi паўбяды. Дрэнна, што ён раптоўна смяротны, вось у чым фокус! I наогул цяжка сказаць, што з iм будзе сёння вечарам.
"Нейкая недарэчная пастаноўка пытання..." - падумаў Берлiёз i запярэчыў:
- Ну, у гэтым ёсць перабольшанне. Я пра свой сённяшнi вечар ведаю амаль дакладна. Само сабою разумеецца, калi мне на Броннай не ўпадзе на галаву цаглiна...
- Цаглiна нi з таго нi з сяго, - пераканаўча перапынiў невядомы, - нiкому i нiколi на голаў не ўпадзе. У прыватнасцi, запэўнiваю вас, вам яна не пагражае. Вы памраце iншай смерцю.
- Можа, вы ведаеце i якой, - зусiм натуральна,з iронiяй пацiкавiўся Берлiёз i такiм чынам уцягваўся ў нейкую недарэчную размову, - i скажаце мне?
- Ахвотна, - адазваўся незнаёмы.
Ён зiрнуў на Берлiёза, быццам зняў мерку на гарнiтур, скрозь зубы прамармытаў нешта: "Раз, два... Меркурый у другiм доме... поўня сышла... шэсць - няшчасце... вечар - сем..." - i гучна i радасна аб'явiў: - Вам адрэжуць галаву!
Бяздомны дзiка i злосна вылупiў вочы на нахабнага незнаёмца, а Берлiёз спытаўся з крывой усмешкай:
- А хто канкрэтна? Вораг? Iнтэрвенты?
- Не, - адказаў субяседнiк, - расейская жанчына, камсамолка.
- Гм... - прамармытаў раззлаваны жарцiкамi незнаёмага Берлiёз. - Ну, гэта, выбачайце, мала верагодна.
- Прашу прабачэння, - адказаў чужаземец, - але гэта праўда. Ага, мне хацелася спытаць у вас, што вы будзеце рабiць сёння вечарам, калi не сакрэт?
- Сакрэта няма. Зараз я зайду дадому на Садовую, а потым у дзесяць вечара ў МАССАЛIЦе адбудзецца паседжанне, i я на iм буду старшыняваць.