Читать «Майстар i Маргарыта (на белорусском языке)» онлайн - страница 2
Михаил Булгаков
Берлiёзава жыццё было такое, што да незвычайных з'яў ён не прывык, таму яшчэ болей спалатнеў, вылупiў вочы i ў разгубленасцi падумаў: "Не можа гэтага быць!.."
Але было, i рослы празрысты грамадзянiн, не кранаючыся зямлi, хiстаўся перад iм i ўлева, i ўправа.
I гэтакi жах апанаваў Берлiёза, што ён аж заплюшчыў вочы. А калi расплюшчыў, то зразумеў, што ўсё скончылася, мроiва прапала, клятчасты знiк, а заадно i тупая iголка выскачыла з сэрца.
- Ну, д'ябал! - усклiкнуў рэдактар. - Ты ведаеш, Iван, у мяне ад спякоты ледзь не ўдар быў! Нават галюцынацыi пачалiся, - ён паспрабаваў усмiхнуцца, але ў яго ў вачах трымцела трывога i рукi дрыжалi.
Аднак пакрысе ён супакоiўся, абмахнуўся хусцiнкай i даволi бадзёра вымавiўшы: "Ну, такiм чынам..." - прадоўжыў гаворку, перапыненую пiццём абрыкосавай.
Гаворка гэтая, як потым стала вядома, iшла пра Iсуса Хрыста. Справа ў тым, што рэдактар заказаў паэту ў чарговы нумар часопiса вялiкую антырэлiгiйную паэму. Гэтую паэму Iван Мiкалаевiч напiсаў, i даволi хутка, але яна не задаволiла рэдактара. Намаляваў Бяздомны галоўную дзеючую асобу сваёй паэмы, гэта значыць Iсуса Хрыста, занадта чорнымi фарбамi, тым не меней, усю паэму, на думку рэдактара, трэба пiсаць нанава. I вось цяпер рэдактар чытаў нешта накшталт лекцыi пра Iсуса, з мэтаю падкрэслiць асноўную паэтаву памылку. Цяжка сказаць, што канкрэтна падвяло Iвана Мiкалаевiча - цi выяўленчая сiла яго таленту, цi абсалютнае няведанне таго, пра што ён сабраўся пiсаць, але Iсус атрымаўся ў яго зусiм як жывы, хаця i непрываблiвы персанаж. Берлiёз жа хацеў даказаць паэту, што галоўнае не ў тым, якi быў Iсус, добры цi дрэнны, а ў тым, што Iсуса не iснавала наогул i што ўсе расказы пра яго - усяго толькi выдумка, сама звычайныя мiфы.
Трэба аддаць належнае: рэдактар быў чалавек начытаны i вельмi ўмела спасылаўся ў сваёй прамове на старажытных гiсторыкаў, напрыклад на знакамiтага Фiлона Александрыйскага, на блiскуча адукаванага Iёсiфа Флавiя, якiя i слова не сказалi пра iснаванне Iсуса. Мiхаiл Аляксандравiч дэманстраваў салiдную эрудыцыю i, мiж iншым, даводзiў паэту, што тое месца ў пятнаццатай кнiзе, у 44-м раздзеле вядомых Тацытавых "Аналаў", дзе гаворыцца пра пакаранне Iсуса, не што iншае, як пазнейшая падробка i ўстаўка.
Паэт, якому ўсё, што паведамляў рэдактар, было навiною, уважлiва слухаў Мiхаiла Аляксандравiча, не адводзiў ад яго сваiх жывых зялёных вачэй, зрэдку iкаў, лаяў абрыкосавую ваду.
- Няма нiводнай усходняй рэлiгii, - гаварыў Берлiёз, - у якой бы, як правiла, непарочная дзева не нарадзiла б бога. I хрысцiяне не выдумалi нiчога новага, гэтаксама стварылi свайго Iсуса, якога на самай справе нiколi не было жывога на гэтым свеце. Вось на гэта i трэба зрабiць асноўны акцэнт...
Берлiёзаў тэнар уладарыў на пустым бульвары, i ў меру таго як Мiхаiл Аляксандравiч улазiў у нетру, у якую лезуць i не баяцца скруцiць сабе шыю толькi вельмi адукаваныя людзi, - паэт даведваўся ўсё болей i болей цiкавага i карыснага i пра эгiпецкага Азiрыса, добрага бога i сына Неба i Зямлi, i пра фiнiкiйскага бога Фамуза, i пра Мардука, i нават пра меней вядомага грознага бога Вiцлiпуцлi, якога вельмi ўшаноўвалi некалi ацтэкi ў Мексiцы.