Читать «Майстар i Маргарыта (на белорусском языке)» онлайн - страница 12
Михаил Булгаков
Сакратар вылупiў вочы на арыштанта i не дапiсаў слова.
Пiлат падняў пакутлiвыя вочы на арыштанта i ўбачыў, што сонца ўжо даволi высока над гiпадромам, што прамень прабраўся ў каланаду i падбiраецца да стаптаных сандаляў Iешуа, што той пазбягае сонца.
Тут пракуратар устаў, сцiснуў галаву рукамi, а на жаўтлявым выгаленым яго твары адбiўся жах. Ён перасiлiў яго i зноў апусцiўся ў крэсла.
Арыштант тым часам працягваў гаварыць, але сакратар больш нiчога не запiсваў, а толькi выцягнуў шыю, як гусак, i стараўся не прамовiць i слова.
- Ну вось, усё i скончылася, - гаварыў арыштант, добразычлiва паглядаючы на Пiлата, - i я вельмi рады гэтаму. Я параiў бы табе, iгемон, пакiнуць на нейкi час палац i пагуляць пешшу дзе-небудзь у наваколлi, ну хаця б у садзе на Елiёнскай гары. Навальнiца пачнецца, - арыштант завярнуўся, прыплюшчыўся на сонца, - пад вечар. Прагулянка была б карысная табе, i я з задавальненнем суправаджаў бы цябе. У маёй галаве нарадзiлiся сякiя-такiя новыя думкi, якiя, думаю, былi б табе цiкавыя, i я ахвотна расказаў бы iх табе, бо ты ствараеш уражанне вельмi разумнага чалавека.
Сакратар смяротна пабялеў i ўпусцiў звiтак долу.
- Бяда ў тым, - прадаўжаў нiкiм не перапынены звязаны, - што ты занадта замкнуты i зусiм страцiў веру ў людзей. Нельга ж, пагадзiся, усю любоў аддаваць толькi сабаку. Беднае тваё жыццё, iгемон, - i пры гэтым арыштант яшчэ i ўсмiхнуўся.
Сакратар цяпер думаў толькi пра адно - верыць вушам сваiм альбо не. Даводзiлася верыць. Тады ён пастараўся ўявiць, якi будзе гнеў наравiстага пракуратара з-за гэтае нечуванае дзёрзкасцi арыштанта. I гэтага сакратар уявiць не мог, хоць i добра ведаў пракуратара.
Тады пачуўся асiплы, хрыплаваты голас пракуратара, якi сказаў па-лацiнску:
- Развяжыце яму рукi.
Адзiн з канваiраў стукнуў кап'ём, перадаў яго суседу, падышоў i зняў вяроўкi з арыштанта. Сакратар падняў звiтак, вырашыў пакуль што нiчога не запiсваць i нiчому больш не здзiўляцца.
- Прызнайся, - цiха па-грэцку спытаўся Пiлат, - ты вялiкi доктар?
- Не, пракуратар, я не доктар, - адказаў арыштант i з асалодаю пацёр змучаную i апухлую барвовую руку.
Крута з-пад iлба свiдраваў вачыма арыштанта Пiлат, i ў вачах гэтых не было болей каламуты, у iх з'явiлiся знаёмыя ўсiм iскаркi.
- Я не спытаўся ў цябе, - сказаў Пiлат, - магчыма, ты ведаеш i латынь?
- Ага, ведаю, - адказаў арыштант.
Чырвань выступiла на жаўтлявых Пiлатавых шчоках, i ён спытаўся па-лацiнску:
- Як ты даведаўся, што я хацеў паклiкаць сабаку?
- Ды гэта зусiм проста, - адказаў арыштант па-лацiнску, - ты вадзiў рукой у паветры, - арыштант паўтарыў Пiлатаў рух, - быццам хацеў пагладзiць, i губы...
- Ага, - сказаў Пiлат.
Памаўчалi, потым Пiлат спытаўся па-грэцку:
- Значыць, ты не доктар?
- Не, не, - жыва адказаў арыштант, - вер мне, я не доктар.
- Ну, добра. Калi хочаш, каб гэта было тайнай, няхай будзе. Да справы яно адносiн не мае. Дык ты працягваеш сцвярджаць, што не заклiкаў разбурыць... падпалiць цi iншым якiм-небудзь спосабам разбурыць храм?