Читать «Майстар i Маргарыта (на белорусском языке)» онлайн - страница 11

Михаил Булгаков

Сакратар перастаў запiсваць i спадцiшка кiнуў здзiўлены позiрк, але не на арыштаванага, а на пракуратара.

- ...аднак пасля таго як выслухаў мяне, пачаў дабрэць, - працягваў Iешуа, - нарэшце кiнуў грошы на дарогу i сказаў, што пойдзе падарожнiчаць са мною...

Пiлат усмiхнуўся адной шчакою, выскалiў жоўтыя зубы i сказаў, завярнуўшыся ўсiм тулавам да сакратара:

- Во, горад Ершалаiм! Чаго толькi не пачуеш у iм. Зборшчык падаткаў, цi чулi вы, кiнуў грошы на дарогу!

Сакратар не ведаў, што адказаць на гэта i палiчыў за лепшае паўтарыць Пiлатаву ўсмешку.

- А ён сказаў, што грошы яму сталi ненавiсныя, - растлумачыў Iешуа дзiўны ўчынак Левiя Мацея i дадаў: - I з гэтага часу ён зрабiўся маiм спадарожнiкам.

Усё яшчэ выскаляючыся, пракуратар паглядзеў на арыштанта, потым на сонца, якое няўмольна рухалася на захад, уставала над коннымi скульптурамi на гiпадроме, якi ляжаў далёка ўнiзе справа, i раптам з нейкаю прыкраю пакутай падумаў, што прасцей за ўсё было б прыбраць з балкона гэтага дзiўнага разбойнiка толькi двума словамi: "Павесiць яго". Прагнаць потым канвой, пайсцi з каланады ў палац, загадаць зацямнiць пакой, звалiцца на ложак, запатрабаваць халоднай вады, жаласным голасам паклiкаць сабаку Бангу, паскардзiцца яму на гемiкранiю. I думка пра атруту раптам спакуслiва прамiльгнула ў хворай пракуратаравай галаве.

Ён глядзеў каламутнымi вачыма на арыштанта i нейкi час маўчаў, пакутлiва ўспамiнаў, з-за чаго на бязлiтасным ершалаiмскiм сонцы стаiць перад iм арыштант з тварам, пакалечаным ад удараў, i пра што яшчэ нiкому не патрэбнае давядзецца пытацца.

- Левiй Мацей? - хрыплым голасам спытаўся хворы i заплюшчыў вочы.

- Ага, Левiй Мацей, - даляцеў да яго тонкi голас, якi прыносiў яму пакуту.

- А вось што ўсё ж ты гаварыў натоўпу ля храма на базары?

Голас арыштанта, здавалася, калоў Пiлату ў скроню, было невыносна пакутлiва, голас гэты гаварыў:

- Я, iгемон, гаварыў пра тое, што развалiцца храм старое веры i ўзнясецца новы храм iсцiны. Сказаў гэтак, каб лепш зразумела было.

- Нашто ж ты, валацуга, на базары абдурваў народ, расказваў пра iсцiну, аб якой i сам нават не маеш уяўлення? Што гэта такое iсцiна?

I пракуратар падумаў: "О багi мае! Я пытаюся ў яго пра зусiм непатрэбнае на судзе... Мая галава зусiм адурнела..." I зноў прымроiлася яму чаша з цёмнаю вадкасцю. "Атруты мне, атруты!"

I зноў ён пачуў голас:

- Iсцiна найперш тое, што ў цябе балiць галава, i балiць гэтак моцна, што ты маладушна падумваеш пра смерць.I ў цябе не толькi не стае сiлы гаварыць са мной, але табе нават цяжка глядзець на мяне. I зараз я мiжволi раблюся тваiм катам, што мяне засмучае. Ты не можаш нават думаць нi пра што i марыш толькi пра тое, каб прыйшоў твой сабака, адзiная, вiдаць, iстота, якую ты любiш. Але пакуты твае зараз кончацца, галава балець перастане.