Читать «Каханы горад (на белорусском языке)» онлайн - страница 15

С (Адамович Юстапчик

З правага боку дзесь блiснула, i зьнiзу данёсься выбух. Гэта пэўна сусед Вiктар пачаў. I збоку зыркае сьвятло - вiсiць у небе "сьвечка" - ракета, разьлiвым сваiм вiдном сягаючы аж дасюль. Валiк даў знак, i за часiнку асьвятлiла таксама пад iм усё павешаная Ахметам iхная "сьвечка". Ён зьнiзiў апарат яшчэ, пайшоў укруга, i... Божа мой! Пад "сьвечкай" мокрадзяй вячорнае расы блiшчэла так знаёмая iржавая бляха як пераламанае пасярэдзiне хрыбнiцы даху... Ягоны дом, ён, толькi ён! Усьцешаны - а чаго? - закрычэў Валiк у слухальнiк, Ахмету: "Пад "сьвечкай"... увагнуты дах... я жыў, i бацькi там жывуць пэўна й цяпер...". Так, i бацька здаволены можа цяпер - бацька, якi ў iхным цесным сямейным коле, як ня мог нiхто пачуць, цiраз выказваў сваё пажаданьне, "каб прыйшоў ужо на iх хоць якi "хай-гiтлер". А як-жа не хацелi старыя, каб ён у гэтыя "сакалы" ляцеў, як адгаворвалi, плакала мацi, i не разумелi нiяк, што сталася зь iм, чаму раптам такое... Не сказаў-жа iм, ня мог сказаць праўды, не паслухаў, ня здаўся на адгаворы, i вось цяпер...

Выбух пачуўся, як нейкi трэск, але нешта ня зьнiзу, а дзесь як-бы збоку й вышэй... Яшчэ - перш зьнiзу, а тады - як над галавою. Што? Артылерыя? А казалi-ж - "абароны няма, пэўныя весткi"... I тут - як заўсёды - "казалi"... Дык што - трэба вышэй, цi нiжэй? I што далей?

Усё гарэла яшчэ над бацькавым дахам "сьвечка". I Валiк ськiраваўся iмклiва прост на яе.

- Начальнiк, што задумаў? Лепш як далей адсюль... - пачуў ён зараз-жа ў слухальнiках устрывожаны голас Ахмета. Што здалося яму? Не, нiколi, хiба вырадак якi Валiк... I нек супакойваючы, успомнiўся часта чуты й цiраз бясьсьведама ўжываны самым, асаблiва малым, такi "нацыянальны" праклён - "каб адсохла рука"... Але-ж, адсохла-б... Ды трэба-ж, трэба нешта рабiць! "Сьвечка" ўжо згасла, а ён яшчэ не пачаў "работы". Зьнiзу стралялi цяпер там i сям, праўда, яшчэ слабавата. "Аб'ектаў" у ягоным раёне таксама няма, Вiктар усе бадай сабе забраў - пэўна-ж, дзеля славы. Дык можна спусьцiць, дзе пападзя? Толькi трэба знайсьцi перш той "знаёмы дом", каб ня трапiць хаця...

Ён узяў курс туды, дзе, здавалася яму, павiнна была-б быць Слабодка. Загарэлася новая "сьвечка"... Кiруючыся, мабыць, ужо на яе, дужэць пачала й стралянiна зьнiзу. Рабiлася крыху "цёпла", як казалi ў iх. Лятучы як мага памальней, пiльна ўзорыўшыся ўнiз, шукаў Валiк знаёмай, ах, як знаёмай калiсь вулiцы й дому. Толькi тут усё было зусiм, зусiм незнаёмым. То камiны, то нешта такое, чаго нiколi зусiм ня было. Хiба - зблудзiў? Нейдзе зусiм блiзка, глуха покнула "шклянка" - эге! А Слабодкi й дому - як ня было.

- Начальнiк!

- Чакай, Ахмет, чакай, зараз...

Хiба пакiдаць куды ў руiны, каб нiкому шкоды ня было - будзе-ж гук, "дэманстрацыя" будзе, каменьня, друзу крыху разьнясе на бакi... Не, i ў руiнах-жа могуць жыць, цi адмыслова цяпер хавацца людзi... - Згасла й гэтая "сьвечка"...

- Начальнiк! Паслухай, Ахмет скажа...