Читать «Каханы горад (на белорусском языке)» онлайн - страница 16

С (Адамович Юстапчик

- Зараз, Ахметка, - "сьвечку"!

Божа! Iзноў над самым домам бацькоўскiм павiсла, iзноў зьвярнуўся, значыць, туды - iзноў, як знарок...

I ён рынуўся прочкi адтуль, наганяючы ўжо хутчыню. Стралянiна часьцела, дужэла, збоку даляталi выбухi й зь зямлi, далей на поўнач, вiдаць было, занялiся пажары...

Валiк кiдаўся па сваiм "раёне" туды й сюды, палiў "сьвечкi", усё шукаў i знаходзiў - каторы раз - толькi бацькаў дом, i ня мог у вадчаi адважыцца на што-небудзь. Толькi Ахмет не чакаў. Хай начальнiк паслухае: ён, Ахмет, ня выдасьць нiколi. Адляцецца куды за лясок, i ў балота "згрузiць" усё. Хто там пазнае - праверыць? А што - бiць бязьвiнных людзей, навошта, каму гэта трэба? Ахмет-жа - магiла, каб толькi начальнiк паслухаў Ахмета...

Валiк вагаўся... Ахметаў разьвязак - генiяльны ў сваёй прасьцiнi, як ня прыйшло гэта ўдум яму самому - сама прасьцiня Ахметавымi вуснамi прамаўляе, але...

- Канчай! - забражджэў нарэшце ў апараце Вiктар. Так, слаўны Ахмет, няхай будзе так! Той лясок - напэўна Папоў лес. Валiк памкнуў на яго, бадай "голячы". Вось прагалiна - паляна, балотца? Дык - сюды! Раз, i раз-по-раз усё. Блiснула, яшчэ, i страшэнны пякельны выбух - гук, i яшчэ, i яшчэ, i, здаецца, аж машыну шыбнула ўгару, цi, можа, палягчэўшы, узмыла сама вольнай птушкай. Так, будзь, што будзе! "Канчалi", Ахметка, "канчалi"!

I аж радасна палягчэла ў самога ўсё, палягчэла й прасьвятлела. Праўда, чаму было так не здаўмецца адразу?

Толькi, як адляцеўшыся ўжо, азiрнуўся назад - сэрца зайшлося. Чырвоначорная заслона вiсела над горадам, каханым горадам... Што-ж, толькi i ўцехi - ня ён... Бывай, родны горад, каханы, бывай, да лепшага мо спатканьня, твой верны сын ня ўзьняў сяньня на цябе рукi. Ня ўзьняў i ня ўзьнiме нiколi "каб адсохла"...

...Каханы горад сiняй смугай тае...

Не, ня сiняй смугай - крывава-чырвоным адблескам пажараў, чорнай жудой адплывае адзадзя родны горад...

VII

Здавалася, усё так грунтоўна наперад абдумаў Юрка яшчэ ўдома, а вось тут, "на мясцовасьцi", нек ня йшло адразу. Не, "зьлiквiдаваць" перш-на-перш Гадэнку, як было надумана, - i зручнасьць пакуль не падкручваецца, i мо, наагул, нядобра. Лепш стварыць хоць уражаньне, што пачаў быў "работу", а пасьля - нешта выйшла, i загiнулi ўсе з машынай разам. Гэтак i на тым баку будуць спакойныя. Пэўна-ж, спакойныя, бо Вiктар-жа ня будзе клапацiцца па Юрку, а баржджэй "сьвечку паставiць", хоць сабе ў думках. Яшчэ й прыямней навет - справяць "памiнкi" як па "ахвяры"; а не - i "гэроi", "разьдзьмухаюць кадзiла", нахваляць, нашкадуюць хоць публiчна, дзеля прылiку, а ты тут сабе цалюсенькi i - каля Веры... Каб пасьля й даведалiся (але дзе там!), дык такое бяды: "вымушана", з парашутам - дый наагул, больш-жа зь iмi - "дзяцей ня хрысьцiць".

Ага, вунь там - якраз пад нагамi - могiлкi, той "адзiны ваенны аб'ект", як жартаваў сяньня Юрка. Вось тут i пахрысьцiм, хоць сабе нябожчыкаў, пэўна-ж, ёсьць сярод iх i няхрышчаныя...

"Сьвечка", спушчаная Гадэнкам на Юркаў загад, якраз добра асьвятлiла царкву сярод гайка. Да ўстановаў гэтага роду Юркава ўзгадаваньне прышчапiла яму звычайныя для гадунца савецкае школы i нялюбасьць i кплiвасьць. Дык вось-жа ён яе зараз! Пэўна, цяпер паднавiлi, падчысьцiлi, папы "разгарнулi сваю работу" пазапраўднаму, ня так, як на гэтым баку, на паказ - дый тое-ж як не падабалася i Юрку i iншым. Праўда, там, на другiм баку, давядзецца мо й прывыкаць цярпець, але гэта - хай будзе апошняя данiна ягонай "старой веры" бязьвер'я й бязбожжа. Раз, i - блiсь, гух! Яшчэ разок дзергануць - так яе! Цяпер - паверсе "пасалiць" запальнымi - дзервяная-ж, стане, як сьвечка! Вось "работа" й пачалася як слаўна!