Читать «Каханы горад (на белорусском языке)» онлайн - страница 13

С (Адамович Юстапчик

Праўда, адно крыху пякло Вiктара часам. За колькi дзён перад вайной яго выклiкалi былi тэлеграмай дадому - цяжка зьлегла мацi. Там залавiла вайна, i такi нечаканы маланкавасьцяй сваёй гiтлераўскi наступ... Уцякаючы з гораду ад бомбаў, апынiўся ўсё-ж на нямецкiм баку. I там, на сяле, спаткаўся тады зь Верай, таксама "ўцякачкай". Першым рухам было - застацца цяпер пры ёй - балазе якраз адзiн... А Вера станоўка наважыла заставацца пад Немцамi. I прызналася навет раптам, што тады, як прыйшла вучыцца ў iхную школу - яны з маткаю прыехалi ў гэты горад, бо бацьку - расстралялi... Дык хiба ўцякаць ёй далей, з тымi забойцамi бацькi? Ды як Вiктар сказаў, што й ён застанецца мо тут запярэчыла катэгарычна: "Не, табе трэба туды, як баржджэй туды, тут табе няма й ня будзе чаго рабiць". Тады ня прызнаўся й ён, як нiкому не прызнаваўся (а ёй - ужо хацеў быў) - што й ягоны бацька - не "бязь вестак загiнуў", як казалася ўсiм, а таксама, тэй самай дарогай, што ў яе, толькi куды раней, на самым пачатку...

I тады - пайшоў зараз-жа, ня турбуючыся больш аб матцы, цяжка хворай ды такiм часам... Разыйшлiся зь Верай ў розныя бакi - яна вярталася ў горад, i ён таксама вяртаўся - у авiяшколу, у Маскву. Ды зыйдуцца некалi зноў, вернуцца зноў адно да аднаго...

I дабраўся-ткi да школы. I добра, што пайшоў, што дабраўся - праўда, тут, толькi тут ягонае месца, толькi адсюль прыйдзе змалку жаданая, чаканая слава...

"Ардэнок - як прышпiлены", - успомнiлася, як сяньня шапнуў камiсар.

Але ад тых усiх успамiнаў было ўсё-ж i неяк мулка. Бацьку свайго Вiктар памятаў мала, дый баяўся ўспамiнаць, баяўся, каб ня выплыла нек, каб не даведалiся, каб не... I часам бадай - ненавiдзеў. Ненавiдзеў за тое, што празь нешта, што бацька зрабiў цi не зрабiў, ён, Вiктар, мусiць цяпер усьцяж калацiцца ад страху быць выкрытым, злоўленым на "схаваньнi соцпаходжаньня", ды яшчэ - "ад контррэвалюцыйнага элемэнту"...

Зрэшты, любiў Вiктар толькi сябе, i Веру - хiба. Не, ня любiў, а хацеў толькi для сябе... Падурному быў пэўны: дасца й гэта, як даецца дасюль усё, што хацеў. Гэта дарма, што цяпер яна - на тым баку, i што бацька, i што тады казала так...

Перад стартам усмак "храпануў" гадзiнкi зь дзьве.

VI

"Каханы горад" пераняў сваiх нечаканых гасьцей яшчэ падарозе.

Калi Валiк, злучаны таксама слухальнiкам iз радыёапаратам, незнарок прыслухаўся да тых хваляў, што лавiў, седзячы адзадзя за iм ягоны памагаты, слаўны хлопец, штурман-радысты Ахмет Шырахметаў, прыслухаўся баржджэй дзеля таго, каб адарвацца ад усё тых-жа думак, бязвынiковых шуканьняў выйсьця "што рабiць", якiя падмянялiся праваламi ў поўную пусьцiню, у нейкае "абсалютнае нiчога", - яму пачулiся раптам гукi, якiя сваёй знаёмасьцяй i роднасьцяй глыбака кранулi за сэрца. Ён даў Ахмету знак, i той пакiнуў сваё падарожжа па хвалях этэру, навёўшы злоўленае на большую чутнасьць. Цяпер гукi пачалi апранацца ў ваддаўна знаёмыя, квола-далiкатныя словы, якiя толькi знае простая, ды шчырая, народная нашая песьня: