Читать «Каханы горад (на белорусском языке)» онлайн - страница 14

С (Адамович Юстапчик

Мае босенькiя ножкi,

Сьцюдзёна стаяць...

Але-ж, яна, шырака знаная i на бацькаўшчыне, i далёка за ёй, засмучона-пяшчотная наша "Ў полi вярба". I яшчэ раз, рэфрэнам:

Мае босенькiя ножкi,

Сьцюдзёна стаяць...

Валiк адразу занурыўся, патонуў увесь у даўно ўжо ня чутых, а блiзка-сваiх гуках, i можа нейкую часiну апарат iшоў сам, запраўды "насьлепа", занядбаны рукою й воляй пiлёта. Усё. Як шкада! Але вось - за няўхопным зь няпрывычкi голасам чужога дыктара ў малазразумелай мове - "гаворыць"... родны горад, каханы горад! I на тэй самай хвалi, як калiсьцi гаварыў! Сьпявае, гаворыць у тэй самай мове, якую, казалi там, у iх, забаранiлi тут зусiм, перасьледуюць... Казалi - пэўна-ж, хлусiлi, як i хлусяць усё, а хаценьнi такiя, хаценьнi забаранiць i сьцерцi зусiм - самi мелi заўсёды, ды цi мала чаго ўжо пасьцiралi...

Мае босенькiя ножкi

Сьцюдзёна стаяць...

адбiлося водгульлем, паўтарылася яшчэ раз дзесь глыбака там, у душы. Так, значыцца, блiзка ўжо дзесь сам ён, каханы горад. Зараз, зараз ужо

...сябру усьмiхнецца

Знаёмы дом, зялёны сад...

I можа там, на Слабодцы, у тым "зялёным садзе", дзе й апошняе тое было, стаiць, залятуцеўшыся, без спадзяваньня навет якiх-колечы там трывогаў - Яна, i стыгнуць ейныя босенькiя ножкi ў прохаладзi вясьнянага вечару... Успомнiлася - бачыў раз нек - босая, несла вядро вады, i згледзеўшы яго здалёку, махала другой, вольнай рукой... Вера. I верыў заўсёды ў яе, а дзе вера цяпер? Вера "Вярба"...

...Дзiва - тады здавалася iм, бадай усiм, гэтая "Вярба" такой абрыджонай ужо, зацяганай, "зьбiтай" песьняй, што як завядзе хто незнарок - i падцягваць i слухаць навет нiхто не хацеў. Iнакшым зусiм выглядаў гэты "таварыш" "далёка ў сьвет таварыш адлятае"... А як апынуўся "далёка ў сьвеце", за сьветам, як пачуў iзноў пра вярбу й ваду - i адчулася зразу ўсё прадоньне мiж гэтай i гэным. Тут - простасьць i шчырасьць, якую няпраўда, не "зацягаць" i ня "зьбiць" нiкому й нiколi, бо прасякнуты ёю гукi, словы наскрозь. Там - пад вонкавай задушэўнасьцяй - адна хвальш, хлусьня, гiронiя, зьдзек - асаблiва цяпер, калi за мамэнт-другi разбудзяць сьмерцяносныя гукi каханы горад, не дадуць яму "спаць спакойна i роiць сны", хiба што - цi аднаго вечным сном супакояць...

- Падрыхтавацца... - пакрыў усё, i думкi, у слухальнiках бразгатлiвы Вiктараў голас, аж здрыганула ад яго. Валiк глянуў унiз - там, далавах, добра бачны ў вiдной, зорнай, хоць i бязьмесячнай маладой начы памалу падплываў родны горад, нiколi ня бачаны з такое высакосьцi, а ўсёдна знаёмы, да болю знаёмы. Вунь, на ўзвышшы, гатыцкiя вежы былога касьцёлу, што заўсёды здалёку вiдаць, адкуль нi падыходзь, нi пад'яжджай. Валiк зьнiзiў яшчэ вышыню й лёгка знаходзiў прыдзеленую яму часьцiну. Толькi тут пачыналася ўжо й незнаёмае, нязнанае перш, калiсь - выразна тырчэлi ўгару голыя камiны й руiны ўжо на прадмесьцi. Як-бы выскалялiся, вытыкалi дакорам, дакорам i яму, што зараз павiнен памножыць iхны сьцяг магiльных касьцякоў-шкiлетаў.