Читать «Доўгi пакой (на белорусском языке)» онлайн - страница 8
Эдвард Хотч
- Капiтан, я не аглядаў яе зблiзку, але памеры дзiркi на яе сукенцы i падпалiны ад згарэўшага пораху сведчаць аб тым, што гэта была кантактная рана. Судмедэксперт таксама пагадзiўся з такiм меркаваннем. Стралялi з адлегласцi не болей двух з паловай - пяцi сантыметраў. Сляды пораху былi i на ране, хоць большасць з iх былi змытыя крывёй.
- Але ў руках у яе нiчога не было, - паўтарыў Леапольд. - I нiхто не стаяў перад ёй, прыставiўшы да грудзей рэвальвер. Нават я стаяў на адлегласцi сямi метраў.
- Капiтан, гэта неверагодна.
- Неверагодна, - буркнуў капiтан, - калi гэта не я, дык хто забiў яе?
- Колькi часу мы маем у запасе? - спытаў Флетчэр, не адводзячы вачэй ад бляшанкi, што трымаў у руцэ.
- Калi журы прысяжных прызнае мяне вiноўным у наўмысным забойстве, на наступным тыднi я буду ўжо за кратамi.
- Што з вамi, капiтан? - Флетчэр з асуджэннем зiрнуў на суразмоўцу. Здаецца, вы ўжо з усiм змiрылiся! Чорт вас вазьмi, у час звычайнага затрымання вы праяўлялi куды больш адвагi!
- Думаю, што справа менавiта ў гэтым. Я страцiў усялякую здольнасць да барацьбы. Монiка выцiснула яе з мяне да апошняй кроплi. Ёй удалося адпомсцiць.
- Тады, лiчу, я сапраўды нiчым не магу вам дапамагчы, капiтан, - уздыхнуў Флетчэр i ўзняўся з крэсла. - Добрай ночы.
Леапольд не пайшоў праводзiць яго да дзвярэй. Ён проста застаўся сядзець згорблены за сталом. Упершыню ў жыццi ён адчуваў сябе старым.
У нядзелю ранiцай Леапольд прачнуўся позна, да таго ж з дзiўным пачуццём, быццам усё, што здарылася, было толькi сном. Такое ж пачуццё было некалi пасля таго, як ён зламаў руку ў запясцi, гонячыся за ўзломшчыкам. Ранiцай, калi ён прачнуўся, успамiны аб тым, як яму накладвалi гiпс, таксама здавалiся сном да таго моманту, пакуль не варухнуў рукой. Цяпер, павярнуўшыся на сваiм вузкiм ложку, ён убачыў нядзельную газету на тым самым месцы, куды адкiнуў яе звечара. Загаловак на першай старонцы быў ранейшы. Сон быў явай.
Леапольд устаў з ложка, памыўся пад душам i пачаў апранацца, па звычцы шукаючы рукой кабуру, i толькi тады ўспомнiў, што ўжо не мае зброi. Потым сеў за стол у кухнi i ўтаропiўся ў пустыя бляшанкi з-пад пiва, думаючы, як дажыць гэты дзень. Як дажыць жыццё.
Нехта пазванiў у дзверы - гэта прыйшоў Флетчэр.
- Я ўжо i не думаў цябе зноў убачыць, - прамармытаў Леапольд, упускаючы лейтэнанта ў кватэру.
Флетчэр быў усхваляваны i, яшчэ не паспеўшы прайсцi цераз парог, пачаў безупынна сыпаць словамi:
- Капiтан, здаецца, мне ўдалося сёе-тое адшукаць. Не так многа, але гэта толькi пачатак. Першае, што я зрабiў сёння, дык гэта зайшоў ва ўправу, дзе ўдалося атрымаць сукенку, што была на Монiцы, калi яе застрэлiлi.
- Сукенку? - перапытаў Леапольд з такiм выглядам, што было вiдаць - ён нiчога не разумее.
- Камiсар адкруцiў бы мне галаву, калi б даведаўся, што я прынёс гэта вам, - працягваў Флетчэр, разгортваючы пакунак, што прынёс з сабой, - але зiрнiце на гэтую дзiрку!
Леапольд агледзеў iрваную з запечанай па краях крывёй дзiрку ў тканiне.
- Вялiкая, - заўважыў ён, - але ў выпадку кантактнай цi блiзка да кантактнай раны ад згарання пораху такая дзiрка можа атрымацца.