Читать «Доўгi пакой (на белорусском языке)» онлайн - страница 6
Эдвард Хотч
- Магла. Думаю, што яна была вельмi хворая. Калi гэта я быў прычынай яе хваробы, тады лiчу, што заслугоўваю ўсё тое, што зараз адбываецца.
- Якога лiха вы заслугоўваеце? - буркнуў Флетчэр. - Капiтан, калi вы гаворыце, што невiнаваты, я буду за вас. - Ён зноў пачаў хадзiць па пакоi i нарэшце звярнуўся да камiсара. - Што, калi правесцi экспертызу з парафiнам, каб праверыць, цi страляў ён нядаўна з рэвальвера?
Камiсар адмоўна пахiтаў галавой.
- Мы даўно ўжо не карыстаемся гэтым метадам. Вы ж ведаеце, Флетчэр, якi ён ненадзейны. Шмат у каго на руках можна знайсцi нiтраты цi нiтрыты. Яны могуць з'явiцца i ад бруду, i ад угнаенняў, i ад наладжвання феерверкаў, цi нават ад дотыку да гароху цi бобу. Усе курцы могуць мець адпаведныя сляды на далонях. Ёсць распрацаваныя новыя эксперыменты для вызначэння прысутнасцi барыю цi свiнцу, але на iх правядзенне мы не маем адпаведных хiмiкатаў.
Леапольд кiўнуў галавой. Камiсар прыйшоў да сваёй пасады, пачынаючы з нiзоў, заняў свой пост не ў вынiку нейкага там палiтычнага рашэння, таму супрацоўнiкi адносiлiся да яго з павагай. Ставiўся да яго з павагай i Леапольд.
- Пачакаем высноў экспертаў-балiстыкаў, - сказаў ён. - Яны апраўдаюць мяне.
Усе трое засталiся чакаць. Прайшло яшчэ сорак хвiлiн, калi нарэшце зазванiў тэлефон i камiсар пачаў размову з экспертамi. Спачатку ён проста слухаў, потым буркнуў нешта сабе пад нос i задаў некалькi пытанняў. Паклаўшы слухаўку, ён зiрнуў на Леапольда, якi сядзеў па другi бок стала.
- Куля выйшла са ствала вашага рэвальвера, - проста сказаў камiсар. Нiякай памылкi быць не можа. Баюся, што мы будзем вымушаны прад'явiць вам абвiнавачванне ў забойстве.
Працэдура, так добра вядомая Леапольду, працягвалася да суботняга вечара, i калi ўсё скончылася i яго праводзiлi з судовай залы, ён убачыў, што за дзвярамi яго чакае малады - Тэд Мор.
- Вы ж павiнны былi пачаць свой мядовы месяц, - звярнуўся да яго Леапольд.
- Вiкi сказала, что не зможа нiкуды паехаць, пакуль я з вамi не сустрэнуся i не паспрабую дапамагчы. Я не вялiкi знаўца крымiнальнага права, але, магчыма, мог бы вырашыць пытанне вызвалення на парукi.
- Наконт гэтага паклапацiлiся, - сказаў Леапольд. - На наступным тыднi вялiкае журы прысяжных пачне разглядаць справу.
- Я-я не ведаю, што i сказаць. Мы з Вiкi вельмi засмучаны тым, што здарылася.
- Я таксама. - Леапольд рушыў далей, потым азiрнуўся. - Жадаю шчаслiвага мядовага месяца.
- Мы будзем у горадзе да ранiцы, у гатэлi "Таўэрз". Гэта на той выпадак, калi спатрэбiцца мая дапамога.
Леапольд кiўнуў галавой i пайшоў далей. У вачах маладога Мора ён убачыў адлюстраванне сваёй вiны. Калi Леапольд садзiўся ў машыну, ён звярнуў увагу на тое, што знаёмы дзяжурны палiцэйскi зiрнуў у яго бок i адразу ж адвёў вочы. У суботнi вечар нiхто не хацеў размаўляць з забойцамi сваiх жонак. Нават Флетчэр некуды знiк.
Леапольд вырашыў, што не здолее заставацца сам-насам з шэрымi сценамi кабiнета i людзьмi, што пазбягалi яго. Акрамя таго, камiсар быў вымушаны вызвалiць яго ад аператыўных службовых абавязкаў да рашэння вялiкага журы прысяжных i магчымага судовага разбору. Нават кабiнет больш не належаў яму. Леапольд вылаяўся ў душы i паехаў дадому, у сваю кватэрку, прабiраючыся па цёмных вулiцах i назiраючы адным вокам за патрульнай машынай. Яму хацелася ведаць, цi назiраюць за iм, каб прадухiлiць уцёкi падазронага, якога адпусцiлi на парукi. Цiкава, як бы ён дзейнiчаў на месцы камiсара.