Читать «Доўгi пакой (на белорусском языке)» онлайн - страница 7

Эдвард Хотч

У тэлевiзiйных навiнах, што перадавалiся ў адзiннаццаць гадзiн, здарэнне было вядучай тэмай. У якасцi iлюстрацыi дэманстравалася яго чорна-белае фота, зробленае летась у час расследавання нейкай справы. Леапольд выключыў тэлевiзар, не даслухаўшы каментарыяў, выйшаў на вулiцу i накiраваўся да рага вулiцы, каб купiць ранiшнi выпуск нядзельнай газеты. Загаловак на першай старонцы, як ён i прадчуваў, быў кепскi: "Капiтан - агент вышуковай палiцыi затрыманы ў час забойства сваёй былой жонкi".

Iдучы нетаропкай хадой дадому, ён намагаўся ўспомнiць, якая яна была - не ў той дзень, - а да разводу. Ён спрабаваў успомнiць твар у дзень вяселля, яе цiхi смех у час мядовага месяца. Але ўспамiналiся толькi яе шалёныя помслiвыя вочы. I куля, што рассекла яе грудзi.

Зрэшты, можа, гэта ён забiў яе. Можа, рэвальвер трапiў у руку так лёгка, што ён нават не ўсвядомiў гэтага.

- Прывiтанне, капiтан.

- А, Флетчэр! Што ты тут робiш?

- Чакаю. Можна зайсцi да вас?

- Ну, што ж...

- У мяне вось тут з сабой шэсць бляшанак пiва. Падумаў, што вы хацелi пагаварыць наконт усяго гэтага.

- Пра што тут гаварыць? - спытаў Леапольд, адчыняючы дзверы кватэры.

- Капiтан, калi вы гаворыце, што не забiвалi яе, я хачу паслухаць, што вы яшчэ скажаце.

Флетчэр зайшоў следам за Леапольдам у невялiчкую кухню i адкрыў дзве бляшанкi. Леапольд узяў прапанаванае яму пiва i апусцiўся ў блiжэйшае крэсла. Ён адчуваў сябе ўшчэнт знясiленым, абсалютна няздольным да абароны.

- Флетчэр, яна падставiла мяне, - спакойна сказаў Леапольд. - Яна падставiла мяне настолькi ўдала, як мне нiколi не даводзiлася бачыць у жыццi. Усё гэта здаецца неверагодным, але ёй гэта ўдалося.

- Капiтан, давайце ўсё пройдзем крок за крокам. На мой погляд, iснуюць толькi тры альтэрнатывы: альбо вы забiлi яе, альбо яна сама застрэлiлася, альбо гэта зрабiў нехта iншы. Лiчу, што мы павiнны выключыць апошнюю магчымасць. Тры акны заставалiся замкнёныя i цэлыя, у пустым пакоi не было нiводнага кутка, дзе можна было схавацца, адзiны ўваход быў праз дзверы-гармонiк. А тыя былi зачынены, iх можна было адчынiць з другога боку, але б вы гэта ўбачылi цi пачулi. Апрача гэтага, з таго боку дзвярэй было паўтары сотнi гасцей. Нiкому не ўдалося б адамкнуць, рассунуць дзверы, выстралiць з рэвальвера i застацца незаўважаным.

- Але немагчыма i тое, што яна магла застрэлiць сябе, - пакруцiў галавой Леапольд. - Я нi на хвiлiну не зводзiў з яе вачэй. У руках у яе нiчога не было, нават сумачкi. А рэвальвер, якi стрэлiў, быў у кабуры, што вiсела ў мяне на рэменi. Я выцягнуў яго з кабуры толькi пасля таго, як прагучаў стрэл.

Флетчэр дапiў пiва з адной бляшанкi i ўзяў наступную.