Читать «Чалавек на лаўцы (на белорусском языке)» онлайн - страница 8

Жорж Сименон

Дзяўчына сумелася.

- Не будзем зараз пра гэта. Мне трэба паглядзець на бацьку?

- Вы што маеце на ўвазе?

- Як я зразумела з дзядзькавых слоў, мне трэба будзе апазнаць цела.

- Ваша мацi i цётка зрабiлi ўжо гэта. Але, калi вы хочаце...

- Не. Я ўбачу яго дома.

- Пачакайце яшчэ трохi, панна Монiка. Вам прыходзiлася сустракаць вашага бацьку ў Парыжы ў жоўтых чаравiках?

- У жоўтых чаравiках? - паўтарыла яна задуменна.

- Не зусiм жоўтых, хутчэй бэжавых. У мой час, даруйце за выраз, такi колер называлi "дзiцячым паносам".

- Нешта не памятаю.

- А чырвонага гальштука на iм не заўважылi?

- Не.

- Вы даўно хадзiлi ў кiно?

- Учора пасля абеду.

- У Парыжы?

- У Жувiзi.

- Не буду вас больш затрымлiваць. Думаю, вы зможаце сесцi на цягнiк...

- Праз трыццаць пяць хвiлiн.

Яна паглядзела на гадзiннiк, узнялася, але не пайшла адразу, а затрымалася на iмгненне.

- Да пабачэння, - сказала яна нарэшце.

- Да пабачэння, панна. Дзякую вам.

Мэгрэ праводзiў дзяўчыну i зачынiў за ёю дзверы.

2. ПАННА "IЛЬВIЦА"

Мэгрэ, сам не ведаючы чаму, заўсёды вылучаў участак Вялiкiх бульвараў памiж плошчаю Рэспублiкi i Манмартрам. Уласна кажучы, гэта быў ягоны квартал. Сюды, у кiнатэатр на бульвары Бон-Нувэль, непадалёк ад тупiчка, дзе забiлi Луi Турэ, ён пешшу, пад руку са сваёй жонкаю, заходзiў амаль кожны тыдзень. Побач, якраз насупраць кiнатэатра, была пiўная, дзе ён любiў перакусiць сасiскамi з капустаю.

Далей, у накiрунку да Оперы, бульвары рабiлiся свабаднейшыя, але тут, памiж Сэн-Мартэн i плошчаю Рэспублiкi, яны хутчэй нагадвалi нейкiя змрочныя траншэi, у якiх, бы ў мурашнiку, вiруе жыццё - часам ажно галава кружылася ад усёй гэтай мiтуснi.

Ранiца была шэрая i халодная, але не такая сырая, як напярэдаднi. Мэгрэ выйшаў з дому а палове дзевятай i за чвэрць гадзiны, не спяшаючы, дайшоў да вулiцы Бондзi. Недзе тут, у фiрме "Каплан i Занэн", i працаваў Луi Турэ ўсё сваё жыццё, у тым лiку, мабыць, i ў дзень сваёй гiбелi.

Пошукi патрэбнага нумара прывялi Мэгрэ да старой, занядбанай будынiны. Уваходныя дзверы былi адчынены насцеж, па абодвух баках вiселi розныя шыльдачкi: "Урокi машынапiсу", "Продаж пёраў", "Набiўка матрацаў", "Юрыдычны кансультант", "Дыпламаваная масажыстка".

Кансьержка раскладвала пошту па скрынях.

- Дзе тут фiрма "Каплан i Занэн"? - спытаўся Мэгрэ.

- Шаноўны пан, праз месяц будзе ўжо тры гады, як фiрма перастала iснаваць.

- I вы ўвесь гэты час жылi тут?

- Я жыву тут ужо дваццаць шэсць гадоў.

- А цi ведалi вы Луi Турэ?

- Яшчэ як! А што з iм здарылася, вы не скажаце? Ён не заходзiў да мяне ўжо некалькi месяцаў.

- Ён памёр.

- Божа лiтасцiвы... Такi здаровы мужчына! Што з iм здарылася? Сэрца, мабыць?..

- Яго забiлi ўчора пад вечар ударам нажа ў спiну.

Кансьержка ажно здранцвела.

- Я яшчэ не чытала сёння газет...

Пра гiбель Луi Турэ ў газетах было згадана ўсяго ў некалькiх радках, як пра банальнае здарэнне.

- I хто гэта мог забiць такога добрага чалавека?.. Дваццаць тры гады ён хадзiў мiма майго пакоя пад лесвiцай, праходзiў па чатыры разы на дзень i кожны раз казаў мне што-небудзь прыемнае. Калi пан Каплан закрыў сваю фiрму, пана Луi нiбыта падкасiла...