Читать «Чалавек на лаўцы (на белорусском языке)» онлайн - страница 10

Жорж Сименон

- А вы знаёмы з панi Турэ?

- Нiколi не бачыла. Яна жыла ў прыгарадзе, у Жувiзi...

- Яна там i цяпер жыве.

- Вы яе бачылi? Якая яна?

Мэгрэ адно скрывiўся.

- Так я i думала. Пан Луi не меў дома шчасця. Толькi тут ён яго i знаходзiў. I ўдар ён перанёс цяжэй за iншых: ён ужо быў у такiх гадах, калi цяжка мяняць лад жыцця.

- Колькi яму было тады?

- Сорак пяць цi сорак шэсць.

- Вы не ведаеце, чым ён займаўся потым?

- Не. Ён нiколi мне пра гэта не казаў. Вiдаць, цяжка яму бывала. Доўгi час ён зусiм не заходзiў. А аднойчы ўранку я iшла па бульвары - раптам бачу яго на лаўцы. Мяне ажно скаланула. Не такому ж чалавеку, як пан Луi, сядзець на лаўцы ў гэткую пару! Я ўжо хацела падысцi да яго, але падумала, што яму будзе няёмка, i прайшла мiма.

- Праз колькi часу пасля закрыцця фiрмы гэта здарылася?

У павiльёне было вельмi холадна, i кансьержка прапанавала:

- Хочаце зайсцi да мяне пагрэцца?.. А колькi часу прайшло, цяжка сказаць. Вiдаць, гэта было ў канцы зiмы, бо бралася ўжо на цяпло, але дрэвы яшчэ не зазелянелi.

- А калi вы яго зноў убачылi?

- О, прайшло шмат часу!.. У самы разгар лета. Найбольш мяне здзiвiла тое, што на iм былi чаравiкi... колеру дзiцячага паносу... Чаму вы так глядзiце на мяне?

- Так проста. Працягвайце.

- Гэта не ў ягонай звычцы. Я заўсёды бачыла на iм толькi чорныя чаравiкi. Ён зайшоў да мяне i паклаў на стол маленькую скрыначку, белую, з залатой стужкаю - у ёй былi шакаладныя цукеркi. Сеў на гэтае крэсла. Я згатавала яму фiлiжанку кавы, потым збегала ў краму, купiла пляшку кальвадосу, а ён застаўся пасядзець за мяне ля ўвахода.

- Што ён расказваў вам?

- Нiчога асаблiвага. Адчувалася, што яму прыемна дыхаць паветрам нашага дома.

- Так нiчога i не сказаў пра сваё новае жыццё?

- Я запыталася, цi задаволены ён сваiм цяперашнiм жыццём, ён сказаў, што задаволены. Ва ўсякiм разе, ён больш не сядзеў ва ўстанове, бо была ранiца, дзесяць-адзiнаццаць гадзiн. Другi раз ён прыйшоў пасля абеду, i на iм быў вельмi яркi гальштук. Я трохi пасмяялася з яго, што ён стараецца маладзiцца, але ён зусiм не пакрыўдзiўся - пан Луi мала калi сердаваў. Потым я загаварыла пра ягоную дачку - я яе нiколi не бачыла, але ён паказваў мне яе здымак, калi ёй было ўсяго некалькi месяцаў. Нячаста сустракаеш чалавека, якi так ганарыцца сваiм дзiцём. Ён усiм расказваў пра дачку i заўсёды насiў з сабою яе картку.

Мэгрэ згадаў: у кiшэнi ў Турэ нiякiх iншых фатаграфiй Монiкi, апроч здымка зусiм маленькай дзяўчынкi, не знайшлi.

- Што вы яшчэ можаце пра яго сказаць?

- А я i не ведаю. Я ж тут з ранку да вечара, у гэтых мурах... Як Капланы закрылiся ды яшчэ цырульнiк з другога паверха з'ехаў, дык тут зусiм цiха стала. Жыльцы многiя з'ехалi, суды гэтыя пачалiся, архiтэктары сноўдаюцца з планамi iхняга кiнатэатра, а дом патроху развальваецца - вось i ўсё маё тут жыццё...