Читать «Чалавек на лаўцы (на белорусском языке)» онлайн - страница 9
Жорж Сименон
Кансьержка выцерла слёзы i высмаркалася.
- Пан Каплан яшчэ жывы?
- Я вам магу даць яго адрас. Ён жыве на плошчы Маё. Выдатны чалавек, але зусiм iншы. Яго бацька, напэўна, таксама яшчэ жывы.
- Чым яны гандлявалi?
- Як, вы не ведаеце гэтай фiрмы?!
Яна так здзiвiлася, што можна было падумаць, увесь свет павiнен ведаць фiрму "Каплан i Занэн".
- Я з палiцыi, - растлумачыў Мэгрэ. - Мне трэба ведаць усё, што датычыць пана Турэ.
- Для нас ён быў проста панам Луi. Усе яго так i звалi, многiя нават не ведалi ягонага прозвiшча. Пачакайце, калi ласка, хвiлiнку...
Яна таропка рассоўвала астатяiя лiсты па скрынях, прычынiла дзверцы ў грубцы i накiнула на плечы шаль.
- Пан Луi забiты! Хто б мог падумаць! Такi чалавек... Хадземце. Я пакажу вам дом. Яго павiнны былi знесцi яшчэ тры гады назад i пабудаваць на гэтым месцы кiнатэатр. Жыхароў загадзя папярэдзiлi, я нават з'язджала да сваёй дачкi ў Ньеўр. Таму пан Каплан i закрыў сваю фiрму. А можа, яшчэ i таму, што апошнiя гады справы ў яго былi няважныя: ягоны сын, пан Макс, глядзеў на жыццё зусiм не так, як бацька... Хадземце сюды...
Яны прайшлi ў вялiкi ўнутраны двор, i камiсар убачыў павiльён са шкляным дахам, падобны на вакзальнае памяшканне. Над уваходам можна было яшчэ прачытаць колькi лiтар на аблезлай шыльдзе "Каплан i Занэн".
- Калi я пасялiлася тут, Занэнаў ужо не было. Справы вёў стары Каплан. Ён быў так падобны на Дзеда Мароза, што дзецi на вулiцы спынялiся i глядзелi яму ўслед.
Замок на дзвярах у павiльён быў вырваны. Усярэдзiне - рэзрух. Якi быў гэты свет, дзе яшчэ тры гады назад жыў Луi Турэ, уявiць было цяжка.
Велiзарная зала з разбiтым шкляным дахам, уздоўж сцен, як у фешэнебельнай краме, адна над адной - галерэi; прылаўкi i палiцы былi знятыя, але на сценах яшчэ заставалiся сляды ад iх.
- Кожны раз, калi пан Луi заходзiў да мяне...
- А ён часта гэта рабiў?
- Раз у два-тры месяцы. I заўсёды прыносiў што-небудзь смачнае... Я адчувала, што на душы ў яго цяжка... Памятаю, у пана Каплана працавала да дваццацi ўкладчыц, а то i болей, перад святамi даводзiлася працаваць i ўначы. Пан Каплан вёў аптовы гандаль, прадаваў тавар дробным гандлярам. Чаго толькi ў яго не было! Прыстаўныя бароды, кардонныя свiстулькi, шары, карнавальны серпанцiн, маскi, сувенiры з марскога ўзбярэжжа... Не было як прайсцi праз залу... Часта адзiн толькi пан Луi i мог знайсцi патрэбны тавар...
- Ён быў кладаўшчыком?
- Кладаўшчыком. Ён заўсёды хадзiў у шэрым халаце. Справа, вось у гэтым куце, стаяў за шкляной перагародкаю стол пана Каплана, маладога, бо пасля першага ўдару стары ўжо больш не прыходзiў у краму. З панам Максам сядзела сакратарка, панна Леон, а бухгалтар быў там, на першым паверсе. Нiхто тады i не думаў, што ўсяму гэтаму хутка настане канец. I вось аднаго дня, у кастрычнiку цi ў лiстападзе, не магу сказаць больш дакладна калi, памятаю адно, было ўжо холадна, пан Макс сабраў усiх i аб'явiў, што закрывае фiрму i прадае тавар iншаму аптавiку. Усе тады думалi, што дом будзе знесены i тут пабудуюць кiнатэатр. Усе жыльцы атрымалi паведамленне аб зносе. Многiя выехалi. А iншыя не сталi спяшацца i не памылiлiся: жывуць сабе тут спакойна дагэтуль. Але дом усё-такi прададзены, i новыя ўладальнiкi адмаўляюцца рабiць рамонт. Жыльцы ўсё судзяцца з iмi, сюды ледзь не кожны месяц з суду прыходзяць. Я сама двойчы збiрала рэчы...