Читать «Чалавек на лаўцы (на белорусском языке)» онлайн - страница 47

Жорж Сименон

- Яна пра ўсё ведала?

- Не, канечне.

- А хто ведаў?

- Перш за ўсё я.

- Ну вядома!

- I, можа, дачка. Вельмi ўжо ён з-за яе перажываў, усё баяўся, што яна старэе i робiцца падобная да мацi. Яна ўсё грошы з яго выцягвала.

- Ты бываў у яго на вулiцы Ангулем?

- Нiколi.

- А ведаеш гэты дом?

- Ён мне яго паказваў.

- Дык чаму ж ты да яго хоць раз не зайшоў?

- А навошта яму псаваць замалёўку? Гаспадыня лiчыла яго дужа прыстойным панам. Калi б яна мяне ўбачыла...

- А калi я табе скажу, што ў ягоным пакоi знайшлi адбiткi тваiх пальцаў?

- Туфта.

Шрамэк быў зусiм спакойны, хiба што раз-пораз пазiраў на пляшку.

- Хто яшчэ мог ведаць пра вашыя справы?

- Паслухайце, пане камiсар, я не дужа важны чалавек, але стукачом нiколi не быў.

- Хочаш, каб у забойстве абвiнавацiлi цябе?

- Гэта ўжо занадта.

- Дык хто яшчэ ведаў?

- Дружок дачкi. А гэта такi малойчык, за якога я не прысягну, што ён не вiнаваты: днямi высочваў Луi, двойчы патрабаваў грошай. Можа, гэта дачка яго падбухторвала. А Луi ажно калацiўся, гэтак баяўся, што смаркач раскажа ўсё жонцы цi лiст ананiмны напiша.

- А ты яго ведаеш?

- Не. Ведаю толькi, што зусiм маладзён i зранку працуе ў нейкай кнiгарнi. Апошнiм часам Луi ўсё роўна як чакаў бяды. Казаў, што далей так працягвацца не можа, што жонка пра ўсё даведаецца. Але ўсё роўна я, як даведаўся, што яго забiлi, дык сам ледзь не грымнуўся.

- Колькi ў яго магло быць грошай з сабою?

- Не ведаю, колькi было з сабою, але за два днi да таго мы добра хапнулi.

- Ён меў звычку насiць грошы з сабою?

- У кiшэнi, бывала, насiў. Але трымаў iх у сваiм пакоi. Сама смешнае ў iм было тое, што калi яму трэба было ўвечары вяртацца дамоў, дык ён iшоў на вулiцу Ангулем i мяняў чаравiкi i гальштук. Аднаго разу забыўся i толькi на вакзале ўцямiў, дык прыйшлося ляцець назад. А дома сказаў, што спазнiўся, бо на працы затрымаўся.

- Чаму ты з аўторка не выходзiў з дому?

- А што б вы зрабiлi на маiм месцы? Я як прачытаў у газеце пра гэта, у аўторак уранку, дык адразу прыкiнуў, колькi людзей бачылi мяне з Луi. А калi хто-небудзь паведамiў бы вам? Такiх, як я, заўсёды падазраюць.

- А ты не думаў з'ехаць з Парыжа?

- Не. Думаў, хопiць таго, што зашыўся ў сваю нару, можа, забудуцца на мяне. А сёння ўранку як пачуў голас iнспектара, дык адразу зразумеў, што накрылi.

- А Франсуаза ведае, у чым справа?

- Не.

- Дык адкуль, яна думае, грошы ў цябе бяруцца?

- Па-першае, яна iх толькi частку бачыць, гэта ўжо што пасля скачак застанецца. А па-другое, яна думае, што я па-ранейшаму абчышчаю кiшэнi ў метро.

- Дык ты i гэтым займаўся?

- Вы ж не будзеце, камiсар, настойваць, каб я вам адказваў i на гэтае пытанне? Вам не хочацца пiць?

Мэгрэ налiў яму апошнi глыток.

- Усё выклаў? Ты ўпэўнены?

- Як у тым, што вас бачу.

Мэгрэ адчынiў дзверы i паклiкаў Люка.

- Адвядзi яго ў камеру. I надзень на ўсякi выпадак кайданкi.

Але калi Акрабат павярнуў да яго свой нiбыта гумовы, з дзiўнай, да вушэй, усмешкаю твар, камiсар пашкадаваў яго:

- Няхай там будуць з iм ласкавейшыя.