Читать «Порт у тумане (на белорусском языке)» онлайн - страница 74
Жорж Сименон
Дайшоўшы да пiрса, яны спынiлiся. Перад iмi паволi праходзiў "Сэн-Мiшэль". З гордасцю круцячы штурвалам, шхуну вёў нейкi стары рыбак.
Тут нехта падбег да натоўпу на пiрсе, адштурхнуў аднаго, другога i ўскочыў на палубу шхуны.
Вялiкi Луi!
Ён уцёк ад жандараў, сарваў кайданкi! Адштурхнуўшы рыбака, Луi схапiў руль у свае рукi.
- Цiшэй, няхай на вас!.. Шхуну загубiце! - з усяе сiлы крыкнуў ён матросам з буксiра.
- А астатнiя двое? - спытаўся Мэгрэ ў Раймона.
- Сёння ранiцай вы былi за метр ад iх. Яны абодва схавалiся ў пунi ў старой сялянкi...
Люка, прадзiраючыся праз натоўп, наблiжаўся да Мэгрэ. На твары ў яго было здзiўленне: не чакаў ён убачыць тут побач з камiсарам Марцiно.
- Вы ведаеце, мы iх узялi!..
- Каго?
- Ланэка i Сэлестэна...
- Яны тут?
- Жандары з Дзiў толькi што даставiлi.
- Ну, дык скажы, каб iх выпусцiлi. I няхай абодва iдуць у порт...
Насупраць iх бачны быў дом капiтана Жарыса i сад, у якiм у начную буру зляцелi з ружаў апошнiя пялёсткi. За фiранкаю - постаць Жулi. Убачыўшы на палубе брата, яна не паверыла вачам.
Каля шлюза партавiкi сабралiся вакол капiтана Дэлькура.
- Ну i намучыўся ж я праз iх цьмяныя адказы! - уздыхнуў Мэгрэ, кiўнуўшы на маракоў.
Раймон усмiхнуўся:
- Гэта ж маракi!
- Я ўжо ведаю, што гэта за людзi. Не любяць яны, калi сухапутныя тыпы, як я, лезуць у iх справы!
Пальцам ён умiнаў тытунь у сваёй люльцы. Запалiўшы, спытаўся:
- Што iм сказаць?..
Эрнэст Гранмэзон быў мёртвы. Цi трэба казаць гэтым людзям, што забойца ён?
- Можна было б, - пачаў быў Раймон...
- Не ведаю! Скажу, вiдаць, што нейкая даўняя гiсторыя. Адзiн замежны марак адпомсцiў i ўцёк...
Маракi з буксiра паволi iшлi ў шынок i знакамi клiкалi шлюзаўшчыкоў.
А Вялiкi Луi iмклiва крочыў то ўзад, то ўперад па шхуне, абмацваючы ўсё, што траплялася пад руку, - гледзячы на яго, камiсар мiжволi прыгадаў сабаку, якi, вярнуўшыся дадому, радасны, хоча пераканацца, што ўсё на месцы i не змянiлася...
- Гэй! - крыкнуў яму Мэгрэ.
Матрос аж падскочыў. Але падысцi да камiсара цi пакiнуць шхуну ён не рашаўся. А калi ўбачыў раптам, што Раймон на волi, здзiвiўся не менш за Люка:
- Як гэта?..
- Калi "Сэн-Мiшэль" зможа выйсцi ў мора?
- Хоць зараз! Усё ў поўным парадку! Цуд, а не судна, клянуся!..
Луi дапытлiва глядзеў на Раймона. Той вымавiў:
- У такiм выпадку прагуляйся на шхуне з Ланэкам i Сэлестэнам...
- Яны тут?
- Зараз прыйдуць... Некалькi тыдняў марской прагулкi... Далей адсюль... Каб пра "Сэн-Мiшэль" тут ужо болей не гаварылi...
- Я мог бы прыхапiць з сабою i сястру - займалася б кухняю... Ведаеце, Жулi не з палахлiвых...
I ўсё ж такi яму было няёмка перад Мэгрэ. Перад вачыма стаялi падзеi апошняй ночы. I ён яшчэ не ведаў, цi можна ўсмiхнуцца, маючы iх на ўвазе.
- Вы хоць не прастудзiлiся?
Яны стаялi на краi шлюза, i Мэгрэ адным штуршком адправiў матроса ў ваду.
- Здаецца, мой цягнiк адыходзiць у шэсць, - сказаў пасля камiсар. Аднак ён не рашаўся пайсцi. Глядзеў вакол сябе з сумам: гэты маленькi порт стаў яму дарагi. Усё ж такi цяпер яму былi знаёмыя ўсе яго закуткi... I ў якое толькi надвор'е не давялося яму пабываць цi не ў кожным з iх: i пад слабым яшчэ ранiшнiм сонцам, i ў буру, i ў дождж, i ў непраглядны туман...