Читать «Порт у тумане (на белорусском языке)» онлайн - страница 42

Жорж Сименон

Нарэшце, прысутнасць Вялiкага Луi, здавалася, усё роўна як падсцёбвала яго.

Памятаў ён, мусiць, i пра папярэднюю сцэну, якую няцяжка было ўявiць: катаржнiк, напэўна, бiў з блiзкай адлегласцi i з такою сiлаю, што ўрэшце не мог ужо i размахнуцца як след.

- Выбачайце, пан мэр, але я не магу пайсцi ад вас зараз. Улiчваючы той факт, што вы - адзiны грамадзянiн Вiстрэама, у якога ноччу дзейнiчае тэлефон, я дазволiў сабе даць ваш нумар, бо мне павiнны званiць.

Замест адказу Гранмэзон суха сказаў:

- Зачынiце дзверы!

Сапраўды, дзверы былi зачыненыя.

Мэр узяў адну з рассыпаных на камiне цыгар, хацеў запалiць, але, вiдаць, адзiн ужо дотык цыгары да вуснаў выклiкаў у яго вельмi непрыемнае пачуццё, бо ён з раздражненнем адкiнуў яе.

- Калi ласка, Люка, злучы мяне з Канам.

Камiсар перавёў позiрк з мэра на Вялiкага Луi. Думкi iмклiва праносiлiся ў яго галаве.

На першы погляд жорстка адлупцаваны Гранмэзон павiнен быў здавацца пераможаным, слабым не толькi фiзiчна, але i маральна: яго ж заспелi ў надзвычай непрыемнай сiтуацыi, якая так унiжала яго!

Дык не! За колькi хвiлiн ён падабраўся i хоць збольшага вярнуў сабе рэспектабельны выгляд паважанага буржуа.

Цяпер ён быў амаль спакойны i глядзеў на Мэгрэ высакамерна.

У Вялiкага Луi роля была прасцейшая. Ён быў пераможца, на iм не было нiводнае драпiны. I яшчэ хвiлiну назад ва ўсмешцы ў яго ззяла амаль дзiцячая радасць.

Але неўзабаве матрос пачаў адчуваць сябе неяк няёмка i не ведаў цяпер, што рабiць, як стаць, куды глядзець.

"Хто з iх можа быць галоўны ў гэтай справе?" - задаваў сабе пытанне Мэгрэ.

Нi адзiн, нi другi адказ вiдавочным не здаваўся. Пад падазрэннем заставалiся абодва.

- Алё! Палiцыя Кана? Камiсар Мэгрэ просiць перадаць вам, што ён будзе ўсю ноч у доме мэра... Мэра... Тэлефануйце па нумары адзiн... Алё!.. Ёсць што-небудзь новае? Ужо ў Лiзьё?.. Дзякуй! Але.

Паклаўшы слухаўку, Люка сказаў камiсару:

- Машына толькi што праехала праз Лiзьё. Яна будзе тут праз сорак пяць хвiлiн.

- Калi я не памыляюся, - пачаў мэр, - вы сказалi...

- Што я застануся тут на ўсю ноч. З вашага дазволу, натуральна... Ужо два разы вы пачыналi расказваць мне пра ваша ўласнае расследаванне. Думаю, лепей за ўсё будзе, калi вы дазволiце аб'яднаць вынiкi, якiя мы атрымалi абодва.

Мэгрэ не iранiзаваў. Ён злаваўся, бо нiчога не разумеў у сiтуацыi.

- Растлумачце мне, калi ласка, Луi, чаму, калi мы ўвайшлi, вы... хм... бiлi пана мэра?

Але Вялiкi Луi не адказваў, пазiраючы на мэра так, нiбыта прапаноўваў яму: "Гаварыце вы!"

Гранмэзон вымавiў:

- Гэта мая асабiстая справа.

- Вядома! Кожны мае права быць адлупцаваным, калi яму гэта даспадобы, усмiхнуўся раззлаваны Мэгрэ. - Люка, папрасiце гатэль "Лютэцыя".

Удар быў дакладны. Гранмэзон разявiў рот, хочучы нешта сказаць. Яго рука сцiснула мармуровую дошку камiна.

Люка гаварыў па тэлефоне:

- Пачакаць тры хвiлiны?.. Дзякуй... Але...

Мэгрэ гучна запытаўся:

- Вам не здаецца, што расследаванне прымае дужа дзiўны характар? Дарэчы, пан Гранмэзон, вы маглi б зрабiць мне паслугу... Вы - суднаўладальнiк i, пэўна, ведаеце некаторых людзей вашага кола з iншых краiн. Цi не чулi вы пра такога... чакайце... як гэта яго... Марцiно... цi Мацiно... з Бергена або Транхейма... Нарвежца, словам...