Читать «Порт у тумане (на белорусском языке)» онлайн - страница 41
Жорж Сименон
Карцiна, якую ўбачылi Мэгрэ i Люка, была дзiўная i недарэчная. Гранмэзон стаяў з разбiтымi вуснамi i падбародкам, залiтым крывёю. Халат, раскiданыя валасы, тупы выраз твару надавалi яму выгляд баксёра, якi прыходзiць да прытомнасцi пасля накаўта.
Ледзь трымаючыся на нагах, ён абапiраўся на камiн, так моцна адхiлiўшыся назад, што можна было толькi дзiвiцца, як ён яшчэ не грымнуўся вобзем.
За два крокi ад яго стаяў Вялiкi Луi. Валасы раскудлачаныя, на яшчэ сцiснутых кулаках - кроў. Кроў мэра!
Выходзiць, гэта яго дыханне чулi яны ў калiдоры. Гэта ён соп, лупцуючы Гранмэзона! Ад матроса пахла спiртным. На стале - перакуленыя шклянкi.
Камiсар i iнспектар былi настолькi разгублены, а мэр i Вялiкi Луi так атупелi, знясiленыя, што прайшло яшчэ колькi часу, перш чым яны загаварылi.
Гранмэзон выцер вусны i падбародак крысам халата i, стараючыся трымацца на нагах, прамармытаў:
- Што ж... што ж гэта?..
- Выбачайце мяне за тое, што я ўвайшоў у дом, - пачцiва сказаў Мэгрэ. - Я пачуў шум... Дзверы былi не зачыненыя.
- Хлусня!
Мэр сабраў усю сваю сiлу, каб вымавiць гэтае слова.
- Ва ўсякiм выпадку, я задаволены, што своечасова прыйшоў, каб абаранiць вас i...
Мэгрэ кiнуў позiрк на Вялiкага Луi, якi не здаваўся разгубленым, наадварот, неяк дзiўна ўсмiхаўся, пiльна гледзячы на мэра.
- Я не маю патрэбы ў ахове.
- Аднак гэты чалавек напаў на вас.
Стоячы перад люстрам, Гранмэзон спрабаваў прывесцi сябе ў парадак i нерваваўся, бо кроў не пераставала цячы.
Цяпер гэта было неверагоднае, вычварнае спалучэнне сiлы i слабасцi, упэўненасцi i млявасцi.
Заплылае вока, сiнякi i раны сагналi з яго твару лялечную гладкасць - ён стаў шэры.
З нечаканай хуткасцю мэр зноў напусцiў на сябе самаўпэўнены выгляд i, прытулiўшыся спiнаю да камiна, пачаў атаку на камiсара з iнспектарам:
- Мяркую, што вы зламалi дзверы майго дома...
- Прабачце! Мы хацелi памагчы вам.
- Хлусня! Вы не маглi ведаць, што мне што-небудзь пагражае. I мне нiшто не пагражала! - наўмысна адчаканiў ён апошнiя словы.
Мэгрэ ўважлiва ўгледзеўся ў Вялiкага Луi.
- Спадзяюся, аднак, што вы дазволiце мне забраць гэтага пана...
- Нi ў якiм разе!
- Ён вас бiў. I, дарэчы, жорстка...
- Мы ва ўсiм разабралiся самi. I гэта нiкога не датычыцца, апроч самога мяне!
- Я магу меркаваць, што вы, крыху спешна спускаючыся сёння ранiцаю па лесвiцы, натыкнулiся менавiта на яго кулак...
Тут варта было б сфатаграфаваць усмешку Вялiкага Луi: той проста свяцiўся ад задавальнення. Аддыхваючыся, матрос разам з тым сачыў, што адбывалася вакол яго. Апошняя сцэна, здавалася, была яму асаблiва прыемная - чыстая асалода. Бясспрэчна, Луi былi вядомыя таемныя спружыны таго, што хацеў цяпер разгадаць камiсар!
- Я ўжо казаў вам, пан Мэгрэ, што i я са свайго боку вяду расследаванне. Я не ўмешваюся ў вашыя справы, дык, будзьце ласкавы, не ўмешвайцеся i вы ў мае... I не здзiўляйцеся, калi я падам на вас у суд за парушэнне недакранальнасцi жытла з узломам.
Цяжка сказаць, чаго было больш у гэтай сцэне: камiчнага цi трагiчнага. Мэр хацеў здавацца важным, трымаўся, расправiўшы плечы, але з яго вуснаў па-ранейшаму цякла кроў, а твар быў як адзiн вялiзны сiняк, халат быў увесь памяты...