Читать «Пад страхам смерцi (на белорусском языке)» онлайн - страница 17

Жорж Сименон

IV

Былы мэр Паркэроля забыўся на ўсё, што так старанна абдумваў: i на кватармайстра-вартаўнiка, i на рыбакоў, якiя павiнны былi вяртацца на выспу з другога канца Паркэроля, i на старога ў каланiяльным шлеме.

Дазорац з маяка, якi пазiраў на мора ў бiнокль акурат у тую самую хвiлiну, расказваў пасля:

- Прыблiзна без дзесяцi восем, гледзячы ў бок мыса Мэд, я заўважыў, што пан Лябро i гэты ягоны дзiвак-прыяцель стаяць каля самага борта "Люстраной шафы", абхапiўшы адзiн аднаго. Спярша я падумаў, што некаму з iх стала блага i другi прытрымлiвае таварыша, каб той не ўпаў у ваду. Але пасля зразумеў, што яны боруцца. Лодка была ад мяне за некалькi сотняў метраў, i ўмяшацца я нiяк не мог. I вось урэшце яны ўпалi разам на планшыр*, i лодка перакулiлася...

* Планшыр - парэнчы ўздоўж борта лодкi.

Рыбак Вiяль у той момант разам са сваiмi двума сынамi агiнаў мыс Мэд.

- Я ўбачыў перакуленую лодку, - расказваў Вiяль, - i пазнаў, што гэта была "Люстраная шафа". Я заўсёды казаў, што судна пана Лябро калi-небудзь конча перакулiцца, бо надта ўжо шмат усяго на iм пабудавана i кабiна дужа высокая... У той момант, як мы заўважылi пана Лябро i гэтага вар'ята ў вадзе, яны яшчэ вiслi адзiн на адным... Я падумаў быў, што пан Лябро, добры плывец, ратуе аднаногага, якi ўпаў у ваду i, мусiць, не ўмее плаваць... А гэты чалавек, як часта бывае, учапiўся ў яго ад страху кляшчом...

Стары, што не знiмаў нiколi свайго каланiяльнага шлема, не бачыў нiчога.

- Я якраз выцягнуў добрую скумбрыю... Лодка пана Лябро была на ўсход ад мяне, i сонца сляпiла вочы...

Такiм чынам, нiхто не мог дакладна расказаць, што ж здарылася на самай справе. Нiхто, апроч Лябро, якi выйграў бой.

А было ўсё так.

Калi ён падышоў да Жуля i штурхнуў яго, той, устояўшы неяк на нагах, павярнуўся назад, i Лябро ўбачыў у колькiх сантыметрах ад сябе ягоны скрыўлены твар. Толькi не злосць, не лютасць былi на iм, а неверагодны жах.

Але, неверагодны, бо цяпер перад Лябро стаяў зусiм iншы, непадобны на ранейшага шаленца чалавек, вочы якога малiлi пашкадаваць яго, вусны дрыжалi...

- Не трэба, пан Лябро!

Ён сказаў не "Аскар", як звычайна, а "пан Лябро"!

Нават голас яго нельга было пазнаць, столькi чулася ў iм мальбы: i Лябро стала шкада гэтага слабага цяпер чалавека. Ды позна было ўжо. Адступiць ён не мог. Хоць бы таму, што замах ён ужо зрабiў. Што станецца пасля гэтага, пашкадуй ён Жуля, з iм самiм?.. Як паводзiць сябе з чалавекам, якога ты спрабаваў забiць?.. I як будзе абыходзiцца з табою той самы чалавек?.. Не, адступленне стала ўжо абсалютна немагчымае.

Па сутнасцi, усё здарылася ў адзiн момант.

Лябро моцна ўдарыў Жуля плячом, але той невядома як паспеў ухапiцца за яго.

Кароткi час яны яшчэ ўтрымлiвалi нейкiм чынам раўнавагу на невялiкiм судне, якое ўжо гайдалася, бы ў шторм.

Абодва цяжка дыхалi, абодва адчувалi страх.

Хто каго?

Сiлы былi прыкладна роўныя.

- Паслухайце, я... - прахрыпеў Жуль, але цi ж мог Лябро пачуць што-небудзь цяпер? Адзiн павiнен быў прайграць у iх паядынку.

За борт упалi абодва, бо "Люстраная шафа" перакулiлася.