Читать «Пад страхам смерцi (на белорусском языке)» онлайн - страница 18

Жорж Сименон

Жуль i ў вадзе здолеў учапiцца за Лябро. Ён адчайна спрабаваў яшчэ нешта сказаць, але марна, бо захлёбваўся вадою.

Пачуўся буркат матора. Да iх наблiжалася чыясьцi лодка. Нейкiм чынам, проста iнтуiтыўна, Лябро здагадаўся, што гэта лодка Вiяля. Жадаючы вызвалiцца, ён ударыў Жуля ў нос з такой сiлай, што ажно адчуў боль у костках параненых пальцаў.

Нарэшце ўсё скончылася...

- Трымайцеся, пан Лябро! - бы ў сне пачуў голас Вiяля.

Лябро згубiў у вадзе акуляры, ногi заблыталiся ў лёсцы.

- Хапай яго, Фердынанд! - крыкнуў Вiяль аднаму з сыноў.

Яго зачапiлi бусаком i трымалi над вадою, быццам нейкую цяжкую торбу, якую не стае сiлы падняць. Бусак балюча ўрэзаўся ў бок.

- Трымай мацней, тата!.. Чакай, я ўхаплю яго за ногi!

Праз якiсьцi час Лябро ляжаў на дне Вiялевай лодкi. У вачах у яго былi слёзы. Стары рыбак i яго сыны думалi, што гэта вада, але сам Лябро добра разумеў, чаму ён плача...

* * *

Манiць яму амаль не давялося. Хлусiлi за яго ўсе паркэрольцы, хлусiлi, не падазраючы, што дапамагаюць тым самым свайму былому мэру. Кожны жыхар мястэчка, усёй выспы прыдумаў i расказваў гiсторыю, якая здарылася ў моры, яшчэ да прыезду следчага.

- Вы яго добра ведалi? - спытаўся ў хворага Лябро, якi ляжаў у ложку, камiсар палiцыi, упэўнены, што так яно i было.

- Я сустрэў яго ў Афрыцы, вельмi даўно...

- I ласкава далi яму прытулак... А ён круцiў вамi, як толькi хацеў... Нам ужо багата пра гэта расказалi... Нiкому тут жыцця не даваў...

- Але...

- Пiў з самага ранку, усiм хамiў, пагражаў... Калi здарылася ўсё гэта з вамi ў моры, ён паспеў ужо да таго выпiць дзве бутэлькi, цi ж не так?..

- Я ўжо i не памятаю...

- Сама меней дзве, калi меркаваць па астатнiх днях... Ён вас абразiў... Мажлiва, накiнуўся на вас. Ва ўсякiм разе, вы бiлiся...

- Бiлiся...

- У вас не было з сабой нiякай зброi?

- Не... Я нават не ўзяў у руку малаток...

Нiхто i ўвагi не звярнуў на гэтыя словы, аб якiх сам Лябро неўзабаве пашкадаваў, бо яны маглi лёгка стаць завязкаю абвiнавачвання.

- Ён адштурхнуў вас, i лодка перакулiлася... А ў вадзе ўчапiўся ў вас, бо не ўмеў плаваць... Тут яму i канец прыйшоў... Ну, што ж, адным меней...

Лябро нiчога не мог зразумець. Можа, ён трызнiць? Можа, кашмар усiх апошнiх тыдняў дабiў яго, i прыйшоў гэты салодкi i лёгкi сон?..

Усё, калi паслухаць следчага, было так проста, што здавалася ўжо немагчымым, зусiм нерэальным.

- Я прашу, каб мне даравалi тое, што я зрабiў...

- Ды пра што вы, смешны вы чалавек! Вы абаранялiся, i закон на вашым баку. З такiмi тыпамi...

Не, здавалася Лябро, нешта ў гэтай гiсторыi не так, вельмi ўжо спакойным быў следчы. Лябро пачаў яшчэ больш турбавацца i адчуў сябе зусiм няшчасным. А паколькi ў яго была пасля халоднага купання i перажытага страху гарачка, ён блытаў днi сённяшнiя i ўчарашнiя, казаў нешта такое, чаго нiхто не мог уцямiць, напрыклад, згадваў раптам нейкую пiрогу дзесьцi ў Мбале.

- Вядома, цяпер я разумею, што нельга было так рабiць, - умольваў Лябро следчага.

- Ваша жонка, Марыс, рыбак Вiяль i многiя iншыя расказалi нам усё...

Што маглi яны расказаць, гэтыя людзi, якiя нiчога не ведалi?