Читать «Пад страхам смерцi (на белорусском языке)» онлайн - страница 19

Жорж Сименон

- Вы велiкадушны, гасцiнны чалавек. Дзiвак, якiх пашукаць... Не кожнага ж чалавека, з якiм пiлi колiсь раз-два, трэба так сустракаць, калi ў яго за душою нiводнага франка. Шаноўны пан Лябро, адзiная ваша памылка ў тым, што вы не пацiкавiлiся ў палiцыi, што гэта за тып... Калi б вы зайшлi да нас...

- Га?..

Што гэта кажа яму камiсар?.. Пра якога тыпа трэба было яму пацiкавiцца ў iх?..

- Гэтага чалавека шукала па абвiнавачваннi ў махлярстве палiцыя не менш як пяцi краiн. Яму ўжо не было куды дзецца. Дзе б ён нi з'явiўся, яго маглi пазнаць i схапiць. Таму i кажу, што адным меней... Больш ужо гэтага прайдзiсвета Марэлье ўспамiнаць не будуць...

Што ён чуе?.. Як... Марэлье?..

- Прабачце, - спытаўся Лябро далiкатна нейкiм чужым голасам, - што вы сказалi?

- Марэлье... Жуль Марэлье... Дваццаць гадоў гастраляваў па Паўночнай Афрыцы i мiжземнаморскiм узбярэжжы, жыў адным махлярствам, не грэбуючы нiчым... А да таго адседзеў дзесяць гадоў у турме за крадзеж з узломам.

- Хвiлiнку!.. Хвiлiнку... Вы ўпэўнены, што яго звалi Жуль Марэлье?

- Мы не толькi знайшлi ў валiзах гэтага тыпа яго дакументы, але i маем адбiткi яго пальцаў i антрапаметрычную картку...

- Вы сказалi, што ён... што ён сядзеў у турме?.. Чакайце... Вы прабачце... галава балiць... Калi дакладна ён сядзеў у турме?

- Трыццаць гадоў таму...

- А нага ў яго...

Лябро змоўк. Сiлы не было гаварыць.

- Што - нага?

- Як ён застаўся без нагi?

- Ён страцiў яе, калi спрабаваў аднойчы ўцячы з турмы. Саскочыў у цемнаце з дзесяцiметровага муру акурат на жалезныя штыры... Не ведаў, што там, унiзе... Пан Лябро, здаецца, вы стамiлiся... Доктар у суседнiм пакоi, гаворыць з вашай жонкаю. Зараз я яго паклiчу.

- Не... Чакайце... А калi ён быў у Габоне?

- Нiколi... Мы ўсю яго бiяграфiю ведаем... Нiжэй Дакара ён у бок экватара не спускаўся... Вам што, кепска?

- Не звяртайце ўвагi... I што... ён нiколi не быў у балотах Мбале?

- Прабачце?

- Гэта адзiн з раёнаў Габона...

- Я ж вам сказаў...

I тут Лябро адчайна прастагнаў:

- Значыцца, гэта не ён!.. Не той Жуль...

Занепакоены камiсар адчынiў дзверы i паклiкаў доктара:

- Пан доктар!.. Мне здаецца, хвораму кепска!..

- Ды не! Пакiньце мяне аднаго! - закрычаў Лябро, адчуваючы жаданне бiцца галавою аб сцяну. - Вы не зможаце зразумець... Гэта быў не той Жуль... Я забiў другога Жуля... Другога Жуля, якi...

- Супакойся, Аскар, - перапынiла ягоныя крыкi жонка. - Не варушыся. Ты трызнiш, мой дарагi...

- Што я сказаў? - спытаўся Лябро, ачуняўшы.

- Глупства... Але ж ты нас i напалохаў... Так ты да iнсульту дойдзеш...

- Дык што я сказаў?

- Кажу ж, глупства нейкае... Усё пра Жуля... То пра аднаго, то пра другога... Толькi i трызнiш гэтым махляром, дык ён табе ўжо дваiцца стаў...

- Што яшчэ я казаў? - горка ўсмiхнуўся Лябро.

- Што забiў яго нiзавошта... Супакойся, дурненькi... Выпi мiкстуры... Выпi, яна не горкая... Заснеш...

Ён адразу ж выпiў гэту мiкстуру, так хацелася заснуць: цяперашнi яго кашмар быў проста невыносны! Нiзашто забiў чалавека!.. Нейкага абармота, якi не быў тым самым Жулем, з якiм ён так жорстка абышоўся некалi ў Габоне... Забiў нiкчэмнага тыпа, якi не хацеў зрабiць яму нiчога благога, звычайнага жулiка, якi толькi i думаў, што, пагражаючы яму час ад часу, пажыць спакойна за ягоны кошт на Паркэролi!..