Читать «Трапiзмы (на белорусском языке)» онлайн - страница 4

Натали Саррот

Яна ляжала i не варушылася, на самым краечку ложка, стараючыся займаць як мага менш месца, напружаная, нiбыта чакаючы, што зараз нешта выбухне, нешта навалiцца на яе з гэтай пагрозлiвай цiшынi.

Часам такое пачуццё ўзнiкае ад сакатання цыкад у скамянелай пад сонцам, нiбыта мёртвай прэрыi - пачуццё холаду, самоты, пакiнутасцi ў цэлым варожым свеце, дзе рыхтуецца нешта трывожнае.

I тады ляжыш, нерухомы, у траве, пад пякучым сонцам, прыслухоўваешся i чакаеш.

Яна чула, як скрозь цiшыню, уздоўж старых, у сiнюю палоску шпалераў у калiдоры, уздоўж пакрытых бруднаю фарбай сцен да яе далятае шоргат ключа ў замку. Яна чула, як зачынiлiся дзверы ў кабiнет.

Яна ляжала, па-ранейшаму скурчаная, i нерухома чакала. Найменшы рух пайсцi ў ванную вымыць рукi, пусцiць з крана ваду - здаваўся ёй дзёрзкiм выклiкам, раптоўным скачком у прорву, учынкам, поўным адвагi. Такi нечаканы шум пушчанай вады ў гэтай навiслай цiшы быў бы нiбы сiгнал, нiбы заклiк да iх, ён быў бы што той непрыемны дотык, калi кончыкам палкi дакранаешся да медузы i потым з агiдай чакаеш, як яна скаланецца, узгорбiцца i зноў распаўзецца.

Яна адчувала, што i яны, выцягнуўшыся, нерухома ляжаць за сцяной i гатовыя ў любы момант ускiнуцца, заварушыцца.

Яна не варушылася. I здавалася, увесь дом, уся вулiца - ухваляюць яе, лiчаць гэтую нерухомасць зусiм натуральнай.

Здавалася абсалютна бясспрэчным, што адчынiўшы дзверы i зiрнуўшы на лесвiцу, з якой веяла непарушнаю, безасабовай i бясколернай супакоенасцю, лесвiцу, на якой, здаецца, не засталося нi ценю людзей, якiя па ёй прабягалi, нават малога ўспамiну пра iх сляды, здавалася, што стоячы ля акна i гледзячы на фасады дамоў, лаўкi, старых кабет i дзяцей, што праходзяць па вулiцы, трэба як мага болей чакаць, стаяць вось так, нерухома, не рабiць нiчога, не варушыцца, бо найвышэйшае разуменне, сапраўдная мудрасць якраз i ёсць варушыцца як мага меней, не рабiць нiчога, бяздзейнiчаць.

Самае большае - можна было хiба, з вялiкаю перасцярогаю, каб не пабудзiць нiкога, зажмурыўшы вочы, спусцiцца па змрочнай i мёртвай лесвiцы i цiха рушыць па вулiцы, уздоўж сцен, каб самую крыху падыхаць, каб трошкi парухацца, не ведаючы, куды iдзеш, не жадаючы нiкуды iсцi, а потым вярнуцца дадому, сесцi на край свайго ложка i зноў, сагнуўшыся, нерухома чакаць.

VI

Кожную ранiцу яна ўсхоплiвалася з ложка раней за ўсiх i бегала па кватэры, заўсёды незадаволеная, крыклiвая, з'едлiвая, размахваючы рукамi, задыхаючыся ад абурэння, гатовая ў любое iмгненне ўстроiць "сцэну". Яна адзiн за адным абыходзiла ўсе пакоi, урывалася ў кухню, гнеўна грукала ў дзверы занятае некiм ваннай, ёй паўсюль рупiла ўлезцi, кiраваць, страсянуць iх, папытацца, колькi яны збiраюцца там сядзець - гадзiну? - нагадаць, што ўжо позна, што яны спозняцца на трамвай цi на поезд, што ўжо вельмi позна i яны са сваёю нехлямяжасцю, з падобным сваiм нядбайствам абавязкова некуды не паспеюць, што сняданак даўно гатовы, што ён даўно ўжо астыў, што ён дзве гадзiны як на стале i ўжо зледзянеў. I здавалася, у яе вачах няма нiчога больш пагарджанага i больш невыцерпнага, больш дурнога i брыдкага, няма больш вiдавочнай прыкметы нiзасцi, прыкметы слабасцi, чым даць астыць, прымусiць чакаць сняданак.