Читать «Трапiзмы (на белорусском языке)» онлайн - страница 3

Натали Саррот

На лесвiцы ў сваiм доме яны сустракалi часам "суседа знiзу", выкладчыка лiцэя, што вяртаўся пасля заняткаў, а чацвёртай гадзiне, з двума сваймi дзецьмi. Ва ўсiх траiх у iх былi доўгiя галовы з бясколернымi вачыма, гладкiя i блiскучыя, як вялiкiя касцяныя яйкi. Дзверы ў iх кватэру на iмгненне прачынялiся i прапускалi iх усярэдзiну. Было вiдаць, як яны ступаюць на маленькi лямцавы каберац на паркеце каля ўвахода - i моўчкi знiкаюць у цёмнай глыбiнi калiдора.

IV

Яны балбаталi нешта ледзь выразнае, бегаючы вачыма, нiбыта стараючыся выказаць нейкую тонкую, далiкатную думку, але не знаходзячы слоў.

Ён iх падганяў: "Ну чаму? Чаму? Чаму гэта я эгаiст? Чаму мiзантроп? Ну, скажыце, скажыце?"

У душы - яны ведалi - яны гулялi ў гульню, трымалiся яе правiлаў. Часам iм пачынала здавацца, што ў руцэ ў яго нейкая палачка, якую ён нi на хвiлiну не выпускае, каб камандаваць iмi, якою ён паволi ўзмахвае, каб iмi кiраваць, як балетмайстар. Гоп-гоп-гоп! - яны танчылi, кружылi, круцiлiся, дзе трэба з натхненнем, з веданнем справы, але нiбыта застаючыся на пэўнай адлегласцi, нiбыта нiколi не пераходзячы тае забароннае рысы, за якой яму можа не спадабацца.

"Ну чаму? Чаму? Ну чаму?" Пайшлi! I-i-i раз! Ды не, не так! Назад! Назад! Ну вось, вось - радасны тон, так, яшчэ, плаўна, на дыбачках, з жартам, з iронiяй. Правiльна, правiльна, можна паспрабаваць, гэта кранае. А цяпер наiўны выгляд, i - можна асмелiцца выказаць i некаторыя iсцiны, няхай нават i жорсткiя, можна перайсцi да яго, ён абажае гэта, трошкi яго пацвялiць, ён абажае такую гульню. Э, тут - увага! - цiшэй, цiшэй, тут пачынае ўжо быць небяспечна, але нiчога - можна паспрабаваць, яму гэта можа здацца пiкантным, забаўным, прываблiвым. А цяпер - якую-небудзь гiсторыю, якую-небудзь скандальную гiсторыйку, з iнтымнага жыцця яго знаёмых, у якiх ён бывае ў гасцях, якiя яго паважаюць. Гэта яго зацiкавiць, звычайна ён любiць падобныя рэчы... Ах, не - божа, якое глупства! - гэта ж яго зусiм не цiкавiць, гэта даўно перастала яму падабацца: як ён раптам нахмурыўся, якi адразу зрабiўся грозны, ён зараз гнеўна iх абсячэ, пачне ўшчуваць, скажа штось зневажальнае, зробiць так, што яны - мiмаволi - уразумеюць усю сваю нiзасць. Дый нават калi i не зробiць цяпер - то пасля знойдзе найменшы выпадак, i нiчога яму не адкажаш, ён жа зробiць гэта ў сваёй невыноснай, iншасказальнай манеры.

Божа, як гэта вымотвае! Як вымотвае ўсё гэта бясконцае, стараннае скаканне перад iм: назад, i наперад, i наперад, i наперад, зноў назад, а цяпер - вакол яго - закружылi, закружылi i на дыбачках - пайшлi, не зводзiць з яго вачэй! i ўбок, i наперад, i назад, каб падарыць яму такое задавальненне.

V

Спякотнымi лiпеньскiмi днямi сцяна насупраць скiдала ў маленькi ссырэлы двор цяжкае i рэзкае святло.

Пад гэтаю важкай гарачынёй утваралася пустая бяздонная прорва, i цiшыня, i ўсё нiбы завiсала, чулася толькi пранiзлiвае, агрэсiўнае скрыгатанне крэсла па кафлянай падлозе, бразганне дзвярэй, i раптам, у гэтай гарачынi, у гэтай цiшы - нечаканы холад, шчымлiвая туга.